Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

розвальні, ‑яў, адз. няма.

Тое, што і развалкі, развалы. Цераз нейкі час [Ёська і Кастусь] ехалі гасцінцам на шырокіх сялянскіх розвальнях, пазахінаўшыся шынялямі ад ветру. Галавач.

розведы, ‑аў; адз. няма.

Разм. Дзеянне паводле дзеясл. разведаць (у 1 знач.). Перш чым вязаць падбухторшчыка Гарасіма ды адсылаць у астрог, .. [стараста] запрог каня і сам рвануў у воласць у розведы. Якімовіч. [Сцёпка], нікому нічога не кажучы, вырашыў: «Зайду ў розведы [да Каржакевіча] нібыта пазычыць чаго». Баранавых.

розга, ‑і, Р мн. ‑заг; ж.

1. Тонкая гнуткая галінка, дубец. Сталым крокам між бярозак З сябрам-кіем ён [Сымон] ідзе, А з ім лісце ў гушчы розаг Мову згодную вядзе. Колас.

2. звычайна мн. (розгі, ‑заг). Удары, пакаранне такімі дубцамі. Адной жанчыне, якая супраціўлялася, не хацела аддаць масла, тут жа ўсыпалі розаг. Гурскі.

розгалас, ‑у, м.

Абл. Рэха, адгалоскі. Я свой звон ход у ход Размахну, як ніхто і ніколі; Аж ад рук і ад хмур вежы рухне падмур, Толькі розгалас пойдзе па полі. Купала. Шырокі розгалас здабудуць гэтыя крылатыя словы, нібы выдыхнутыя адным сэрцам. Лужанін.

розгляды, ‑аў; адз. няма.

Разм. Дзеянне паводле дзеясл. разглядаць — разгледзець (у 1 знач.).

роздум, ‑у, м.

Дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. раздумваць; паглыбленасць у свае думкі. Роздум над кнігай. ▪ Аддаўшыся роздуму, Іван ішоў спорна, таропка і не прыкмячаў часу. Быкаў. Неўзабаве .. [Максіму], пасля кароткага роздуму, прыйшла геніяльная думка. Брыль. Малады здаровы сон прыйшоў сам сабой, заглушыў непрыемныя роздумы. Шыцік.

роздумнасць, ‑і, ж.

Схільнасць да роздуму; роздум. Асабліва ўзмацніліся ў зборніку «Тры цішыні» тыя роздумнасць і філасафічнасць, якія ў першай кнізе [А. Вярцінскага] досыць выразна адчуваліся толькі ў лічаных творах. Бугаёў.

розна,

1. Прысл. да розны.

2. Не разам, асобна. [Сымон:] — Мы разойдземся. Дарогі нашы розна павязуць. Колас.

розна... (а таксама разна...).

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «розны», напрыклад: рознагалосы, рознабаковы, разнастайны, разнастопны.

рознааблічны, ‑ая, ‑ае.

Кніжн. Які адрозніваецца знешнім выглядам. Рознааблічны натоўп.