Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

мройны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да мроіва; падобны да мроіва. Бліскуча-зялёнае жыта паабапал дарогі выдавала як бы крыху туманным, і як бы водсвет яго .. пераліваўся ў мройнай далечы поля. Савіцкі. Зверху, праз рознакаляровыя шыбы ў вокнах, падала ў пакой мройнае залацістае святло. Асіпенка.

мрок, ‑у, м.

Абл. Змрок, цемра. Села, схавалася сонца — і мрок ахінае дрэвы, кусты. Сачанка. І загрымелі раптам стрэлы, Прарваўшы мрок і цішыню. Колас.

мроя,

гл. мроі.

мроі, ‑яў; адз. мроя, ‑і, ж.

Тое, што створана фантазіяй; мары, летуценні. У самых смелых і радасных мроях не сягаў я да сённяшніх дзён. Машара.

мроіва, ‑а, н.

Тое, што і марыва (у 1 знач.). Над возерам дрыжала мроіва. Карычневыя галінкі ніжэй схіляліся да вады. Шыцік. На гарызонце ў ружовым мроіве паказалася вёска, а паабапал яе серабрыліся сінія лясы. Алешка.

мроіцца, мроіцца; незак., каму і без дап.

1. Уяўляцца ў думках; здавацца. І мроіцца ў напаленым прасторы Усмешка з-пад пракураных вусоў. Лось. [Любе] мроіўся шчэбет і здавалася, што спявае ўвесь лес. Няхай. Аўгусту Эрнэставічу мроіцца, што вось-вось з-пад ядлоўцавага куста высунецца руля вінтоўкі. Навуменка.

2. З’яўляцца ў снах, сніцца. Прыемна і мякка цікае гадзіннік, і ў салодкай дрымоце мрояцца розныя сны. Дуброўскі.

мроіць, мрою, мроіш, мроіць; незак., пра каго-што, аб кім-чым і без дап.

Уяўляць у думках, марыць. Ці даўно .. [Захарка] мроіў, як яго дужы і смелы бацька накінецца на ворагаў са стрэльбай у руках. «ЛіМ». Век я пра славу сусветную мрою. Калачынскі.

мружыцца, ‑жуся, ‑жышся, ‑жыцца; незак.

Абл. Жмурыцца (пра вочы). Слепіць вочы ён, снег, І дарогі разбег, І ты мружышся: «Снег!.. Што за студзеньскі снег!..» Лойка.

мружыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; незак., што.

Абл. Жмурыць (пра вочы). Лена разглядае бурштынавае віно ў вузкім келіху, летуценна мружыць шэрыя вочы. Савіцкі.