Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

луб, ‑у, м.

1. Валакністая частка кары дрэў, па якой перамяшчаюцца арганічныя і мінеральныя рэчывы.

2. Палоска такой кары ліпы, вяза. З лубу, пасля належнай апрацоўкі, вілі вяроўкі. Дубоўка.

3. Спец. Валокны лёну, канопляў і пад., якія ідуць на выраб тэкстыльнай сыравіны.

лубаед, ‑а, М ‑дзе, м.

Жук сямейства караедаў, шкоднік лесу.

лубачны, ‑ая, ‑ае.

1. Зроблены з лубу (у 2 знач.); лубяны. Лубачная каробка.

2. Надрукаваны з лубка (у 4 знач.). Лубачная карціна.

3. Які мае адносіны да таннай прымітыўнай літаратуры, што выдавалася ў дарэвалюцыйнай Расіі для простага люду.

лубок, ‑бка, м.

1. Тое, што і луб (у 2 знач.). На .. [ўслоне] вядро драўлянае, а каля вядра з лубка каробка. Галавач.

2. Тое, што і лубянка. Дзяўчаты ж запяваюць звонка песню Ды йдуць гурмою з лубкамі ў руках: Суніцы сакавітыя на ўзлессі! Кірэенка.

3. звычайна мн. (лубкі, ‑оў). Тонкія дошчачкі, якія накладаюцца на месца касцявога пералому. Рука ў лубках гудзе надаедлівым болем. Брыль.

4. Ліпавая дошка, на якой даўней гравіравалася карціна для друкавання. // Надрукаваная з такой дошкі карціна, якая вызначалася прастатой і даступнасцю вобразаў.

лубянець, ‑ее; незак.

Разм. Станавіцца цвёрдым, нягнуткім, падобным на луб. Удзень наплывала вада ў акопы, салдацкія валёнкі і шынялі прамакалі, а ўвечары, калі пачынаўся мароз, адзенне так лубянела, што ў ім нельга было паварушыцца. Дудо.

лубянка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Ручны кораб з дубу, бяросты для захоўвання, пераноскі, упакоўкі чаго‑н. Дзень за днём Марына змірылася з тым, што Мацвей хоча ехаць. І калі настаў той дзень, яна сабрала лубянку, перавязала яе раменьчыкам, каб вечка не адвальвалася, запрэгла каня і пад’ехала пад Некрашы. Лобан.

лубяны, ‑ая, ‑ое.

1. Зроблены з лубу (у 2 знач.). На .. падлозе стаялі чамаданы, ляжалі салдацкія і бежанскія мяшкі, лубяныя каробкі. Лобан.

2. Які мае адносіны да лубу. Лубяныя валокны.

3. Які змяшчае ў сабе луб (у 3 знач.). Лубяныя расліны.

4. Разм. Цвёрды, нягнуткі, падобны на луб (у 2 знач.).

лубін, ‑у, м.

Аднагадовая або шматгадовая травяністая расліна сямейства бабовых, якая высяваецца для ўгнаення і на корм жывёле.

[Лац. lupinus — воўчы.]

лубінавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да лубіну. Лубінавы папар. // Прыгатаваны з лубіну, з лубінам.

луг 1, ‑у, М лузе, м.

Сенажаць, пераважна заліўная, накрытая шматгадовай травяністай расліннасцю. Мурожны луг. ▪ А луг зялёным аксамітам, Вянкамі кветак апавіты, Разлёгся ў роскашы-красе. Колас. Са смугі выступалі.. бяскрайнія лугі з крыху сумнымі стагамі. Карпаў.

луг 2, ‑у, М лузе, м.

Едкі раствор, прыгатаваны з попелу, залітага варам (ужываўся для мыцця бялізны, галавы і інш.); шчолак.