Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

ззаду, прысл. і прыназ.

1. прысл. З тыльнага боку, з-за спіны, за спіной; проціл. спераду. — Ці не гэты самы ты кажух шыў? Ззаду ўточка з жаўцейшай аўчыны. Чорны. [Галя] адчула, як нехта раптам тузануў яе ззаду за касу. Арабей. — Надзька, ідзі, калі клічуць, — чуліся галасы ззаду. Гроднеў. // На некаторай адлегласці за кім‑, чым‑н.; услед. Я ішоў на крок ззаду за сваім бацькам. Колас.

2. прысл. У мінулым. Самыя горшыя дні засталіся ззаду... Маўр.

3. прыназ. з Р. За кім‑, чым‑н. — Рыгор, на хвілінку, — пачуў ён ззаду сябе. Гартны. Ззаду.. [дома] рос малады садок, абсаджаны кустамі парэчак, агрэсту і маліны. Чарнышэвіч.

•••

Застацца ззаду гл. застацца.

ззамаладу, прысл.

Разм.

1. З маладых год, з маладосці. — Я тут, у гэтай мясцовасці, жыў ззамаладу, рабіў справы. Чорны.

2. У маладосці. Ззамаладу некалі за шчасцем ад бацькавых трох дзесяцін [Іван] аж у Амерыку ездзіў. Васілевіч.

ззелянелы, ‑ая, ‑ае.

Які ззелянеў; пазелянелы. Ззелянелы твар. Ззелянелы ад моху камень.

ззелянець, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пакрыцца зеленню (у 4 знач.). Падсвечнік ззелянеў.

2. Моцна пабляднець, змяніцца з твару пад уплывам хваробы, злосці і пад. [Аміля] зжаўцела, ззелянела і пачала сохнуць. Чорны.

ззывацца, ‑аецца; незак.

Зал. да ззываць.

ззываць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да сазваць.

ззяблы, ‑ая, ‑ае.

Акалелы, застылы. Шпарцюк надзеў гімнасцёрку, зашпільваючы ззяблымі пальцамі каўнер, з’едліва ўсміхнуўся. Асіпенка.

ззябнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не.

Зак. да зябнуць.

ззянне, ‑я, н.

1. Роўнае, звычайна яркае святло, якое выпраменьваецца або адлюстроўваецца чым‑н.; бляск, свячэнне. Сонечнае ззянне. Ззянне месяца. ▪ Абліта ззяннем зорак росная паляна. Бядуля. Здавалася, ад залатога ззяння лістоў кладзецца святло на парканы, зямлю, будынкі. Даніленка. // Арэол, светлы круг вакол чаго‑н. Ад плавільнай печы плыў самавіты, увянчаны ззяннем, разлівачны коўш. Карпаў. // перан.; чаго. Веліч, слава, сіла. У ззянні перамогі нашай Ён [Каліны] уваходзіць з намі ў ранне камунізма. Зарыцкі.

2. перан. Радасна-ўзбуджаны, шчаслівы выраз (вачэй, твару). Веры н[я]цяжка заўважыць на Ігнатавым твары ўрачыстае ззянне. Мікуліч.

•••

Паўночнае (палярнае) ззянне — свячэнне верхніх слаёў атмасферы, якое назіраецца за палярным кругам.

ззяць, ззяю, ззяеш, ззяе; незак.

1. Вылучаць ззянне; ярка свяціць. Зоркі — бліскучыя, ззяюць, пераліваюцца. ▪ Высока ззяла ў небе сонца, прыветліва шумела пад ветрам маладая бярозка. Гамолка. // чым і без дап. Быць ярка асветленым, залітым святлом. Справа, у лесе, высокія санаторныя будынкі ззяюць агнямі і тушаць над сабою зоры. С. Александровіч. Золатам ззяе ўсход. Танк. // перан. Быць, паяўляцца ва ўсёй велічы, славе, бляску. У выдатным сузор’і вялікіх сыноў рускага народа ярка ззяе слаўнае імя.. Суворава — фельдмаршала і генералісімуса рускай арміі. «Беларусь». // чым і без дап. Вылучацца яркім колерам, чысцінёй, навізной. Ззяе фарбаю новай Кабінетны раяль. Бачыла. Два ордэны ззяюць яго баявыя, Яны за Бярозу, за Мінск і за Кіеў. Хведаровіч.

2. Блішчаць, зіхацець, адбіваючы святло, прамяні. Як хораша пад месяца святлом Прайсціся полем ціхім, Звонкім гаем Ці паўз раку, што ззяе серабром. Астрэйка. Бліскучаю сталёваю стужкаю ззяе Прыпяць. Колас. // перан.; чым. Вылучацца якімі‑н. заслугамі, вартасцямі. [Язва:] І вы сёння ззяеце водбліскам славы, як спадарожнік гэтага вялікага свяціла. Крапіва.

3. Блішчаць ад радасці, шчасця (пра вочы); свяціцца ад радасці, шчасця (пра твар). Упершыню паглядзеў ён на бацьку вачамі, якія ззялі ад шчасця і захаплення. Мележ. Твары.. [людзей] ззялі радасцю. Кавалёў. // перан.; чым. Паказваць сваім выглядам пачуццё радасці, шчасця (пра чалавека). Мала таго, што гаварыла .. [Вераніка] выразна, правільна будуючы кожны сказ, у яе яшчэ быў надзвычай прыемны голас, і сама яна ў гэты час ззяла нябачаным хараством... Навуменка. // перан. Ярка праяўляцца ў чым‑н. (пра пачуцці). Радасць ззяла ў вачах людзей. ▪ Юнакоў, дзяўчат усмешкі Ззяюць водбліскам зарніц. Жычка.

4. Быць адкрытым, паказваць глыбіню, правал (пра яму, рану і пад.). Ля падножжа гары ззяў уваход у пячору. Шыцік. Яшчэ здалёк хлопцы ўбачылі, што частка даху дэпо знесена і ў адной з сцен ззяе велізарная прабоіна. Шчарбатаў.