Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

зжаваць, зжую, зжуеш, зжуе; зжуём, зжуяце; зак., каго-што.

1. Пажаваўшы, з’есці. Зжаваць кавалак хлеба.

2. Сапсаваць што‑н. жаваннем. Цяля зжавала рукаў.

зжаліцца, ‑люся, ‑лішся, ‑ліцца; заг. зжалься; зак., над кім.

Пашкадаваць каго‑н., злітавацца над кім‑н. Добрая бабулька зжалілася над Мазіным і прынесла са склепа цэлы гарлач малака. Каваль.

зжарыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць.

Зак. да жарыць (у 1 знач.).

•••

Зжарыць скуру — моцна пабіць, адсцябаць да крыві, да сінякоў.

зжаты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад зжаць.

зжахнуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

Разм. Раптоўна і моцна спужацца; злякнуцца. Зося зжахнулася ад нечаканасці і ў момант знікла ў цемені. Лупсякоў.

зжацца, сажнуся, сажнешся, сажнецца; сажнёмся, сажняцеся; зак.

1. Справіцца ў жніве з кім‑н., жнучы, не адстаць ад каго‑н. Брыгадзірава [жонка] зусім асталася ад Яніны. Хаця і постаць яе вузейшая за Янініну, а не паспела за той. .. За ўвесь дзень не магла зжацца з Янінаю. Мурашка.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Аказацца зжатым, убраным (пра хлебныя злакі, травы). Авёс пазней сажнецца.

зжаць, сажну, сажнеш, сажне; сажнём, сажняце; зак., што.

Зрэзаць пад корань сярпом або жняяркай (сцяблы збожжавых злакаў, траву і інш.). Зжаць авёс. Зжаць жыта. / Пра поле, участак. Аралі і сеялі самі, Дык самі і нівы сажнём. Глебка.

зжаўцелы, ‑ая, ‑ае.

Які зжаўцеў, стаў жоўтым. Груша на дварэ пад акном бадай што ўжо голая: апошняе зжаўцелае лісце яе ападае ціха і бесперастанку. Чорны.

зжаўцець, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Стаць жоўтым, набыць жаўтаватае адценне. Праз патрэсканы асфальт выбівалася трава. Яна ўжо высахла і зжаўцела. Гаўрылкін. // Пахудзець, набыць нездаровы колер твару, цела. [Аміля] зжаўцела, ззелянела і пачала сохнуць. Чорны.

зжоўвацца, ‑аецца; незак.

Зал. да зжоўваць.