Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

геа...

Першая састаўная частка складаных слоў, якая абазначае: звязаны з Зямлёй, з навукай аб Зямлі, напрыклад: геасфера, геафізіка.

геабатанік, ‑а, м.

Спецыяліст у галіне геабатанікі.

геабатаніка, ‑і, ДМ ‑ніцы, ж.

Навука аб пашырэнні і размеркаванні раслін на паверхні Зямлі ў залежпасці ад клімату, асаблівасцей глебы, рэльефу і інш.

геабатанічны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да геабатанікі. Геабатанічныя даследаванні. Геабатанічны кабінет.

геаграфічны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да геаграфіі. Геаграфічныя адкрыцці. Геаграфічны атлас. // Які разглядаецца з пункту погляду будовы мясцовасці, прыродных умоў або месцазнаходжання на зямной паверхні. Геаграфічныя граніцы. Геаграфічнае палажэнне краіны. Геаграфічнае асяроддзе.

геаграфія, ‑і, ж.

1. Комплекс навук, якія апісваюць прыродныя ўмовы, размяшчэнне вытворчасці, умовы і асаблівасці яе развіцця ў розных краінах і раёнах. Фізічная геаграфія. Эканамічная геаграфія.

2. Апісанне пашыранасці чаго‑н. на зямной паверхні або ў якой‑н. мясцовасці. Геаграфія земляробства. Геаграфія харчовай прамысловасці.

[Ад грэч. gē — зямля і gráphō — пішу.]

геадэзіст, ‑а, М ‑сце, м.

Спецыяліст у галіне геадэзіі.

геадэзічны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да геадэзіі. Геадэзічныя вымярэнні. Геадэзічная прылада.

геадэзія, ‑і, ж.

Навука аб формах Зямлі, вымярэнні і паказе яе на планах і картах.

[Ад грэч. gē — зямля і dáiō — раздзяляю.]

геалагічны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да геалогіі. Геалагічная карта. Геалагічная экспедыцыя. Геалагічная разведка. // Звязаны з гісторыяй Зямлі, зямной кары. Геалагічны перыяд. Геалагічныя працэсы.