Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

во, часціца ўказальная.

Разм.

1. Ужываецца ў тых выпадках, калі трэба паказаць што‑н., звярнуць на што‑н. увагу. — Во, во, гэтыя во, — тыцкаючы пальцам на Юзіка, і Лёню, крычала Зося. Дуброўскі. [Зелянюк:] — Сядай, Таццяна, бліжэй, во сюды. Зарэцкі. — Во, сом плёснуў, — нечакана гаворыць [Сабіна]. Ракітны.

2. Ужываецца, калі трэба выказаць здзіўленне, нежаданне, здавальненне або нездавальненне, абурэнне. З натоўпу выбраўся Хведар. Доўга ціснуў руку, гаварыў: — Во малайчына, што прыйшоў. Асіпенка. Цяжка, сорамна было вяртацца дамоў, у калгас, да бацькоў. Засмяюць усе. Кожны скажа: — Во, не звала, правалілася. Кавалёў.

3. Ужываецца пры пытальных і адносных займенніках і прыслоўях, калі трэба акцэнтаваць на нечым увагу. [Зелянюк:] — Ты мне во што скажы, Таццяна, дзе, у каго тут найлепш мне асяліцца? Зарэцкі.

4. Ужываецца, калі трэба пацвердзіць сказанае некім. Алёша аж закрычаў, так здзівіўся: — Палоць? А вой! Хто ж канюшыну поле? Трэба зямлю вапнаваць. — Во! Чула? — Шэмет аж абярнуўся да.. [Іры]. Лобан.

5. Ужываецца, калі трэба падвесці вынік сказанаму. [Суседка:] — Дык во, Клаўка, які твой каханенькі-родненькі,.. пачытай, што яму першая жонка піша. Гроднеў. — Во як, во як бывае... — тоненька заспявала [Ліпа], склаўшы па грудзях натруджаныя рукі. Ракітны.

6. у знач. выкл. Ужываецца для ўзмацнення эмацыянальнай афарбоўкі сказа. — Во далі! — радаваўся Сцёпка. — Не палезе цяпер... Хомчанка.

7. у знач. вык. Выдатна ці выдатныя. [Хлопец:] — Людзі ўсё — во! Адзін да аднаго, як на падбор. Дружныя, таварыскія. Васілёнак.

вобад, ‑а, М ‑дзе; мн. абады, ‑оў; м.

1. Вонкавая частка кола, на якую нацягваецца шына. Ахметка прыцягнуў вобад ад веласіпеднага кола і маленькі барабан з бразготкамі. Даніленка.

2. Частка некаторых прадметаў у выглядзе кольца, авала. Вобад блока. Вобад тэніснай ракеткі.

вобзем, прысл.

Разм. Тое, што і вобземлю. Каваль бразнуў ключ вобзем і, як вар’ят, выскачыў з канторы. Чорны. [Вейс:] А на стрэлках я-ак матанула нас, дык механік мой з услончыка бррык вобзем і ляжыць. Шынклер.

вобземлю, прысл.

Разм. Аб зямлю, на зямлю. Мартыневіч пабялеў, ступіў два крокі назад, зачапіўся нагой за нагу і грымнуўся вобземлю. Чарнышэвіч. Адась са злосцю кінуў вобземлю сякеру, што тая аж зазвінела,.. і сеў, задумаўшыся, на ганку. Гурскі.

вобла, ‑ы, ж.

Марская прамысловая рыба сямейства карпавых. Вэнджаная вобла.

воблака, ‑а; мн. воблакі і аблокі, ‑аў; н.

1. Вялікая маса згусцелай вадзяной пары ў атмасферы. Кучавыя воблакі. ▪ У разрыве шэра-цёмных воблакаў мільгнуў серабрысты кружок месяца. Навуменка. Ляціце, арлы-сокалы, За сінія аблокі, Нясіце словы Леніна Да ясных зор высокіх. Русак.

2. чаго. Клуб лёгкіх часцінак (пылу, дыму і інш.) у паветры. Воблака пылу. ▪ Воблака шызага дыму паплыло па алешніку. Лынькоў.

вобласць, ‑і, ж.

1. Буйная адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў СССР. Брэсцкая вобласць. Аўтаномная вобласць. // Разм. Адміністрацыйны цэнтр такой адзінкі. [Антось:] — Лектар, кажуць, аж з вобласці прыехаў. Васілевіч.

2. Частка якой‑н. тэрыторыі; край. Вобласць экватара.

3. Раён пашырэння чаго‑н. або якой‑н. з’явы; зона. Вобласць распаўсюджання хвойных народ дрэў. Вобласць вечнай мерзлаты.

4. Месца, якое займае той ці іншы орган цела або частка яго. Вобласць шыі. Вобласць сэрца.

воблачка, ‑а, н.

1. Памянш.-ласк. да воблака; невялікае воблака. Дзе-нідзе плывуць, нібы рассыпаныя кудзелі воўны, воблачкі. Бядуля. Над каўшом выбухнула лёгкае воблачка дыму. Карпаў.

2. перан. Лёгкі цень праяўлення настрою, думкі, стану і пад. На твары непрыкметна ні хмурынкі, ні воблачка думак. Мурашка.

воблачнасць, ‑і, ж.

Скапленне воблакаў; хмарнасць. Нізкая воблачнасць. Густая воблачнасць. Суцэльная воблачнасць.

воблачны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да воблака, воблакаў; пакрыты воблакамі, хмарны. Воблачнае неба. Воблачная ноч.