Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

аўгур, ‑а, м.

1. У Старажытным Рыме — жрэц, які тлумачыў уяўную волю багоў па шчабятанню і палёце птушак.

2. Іран. Пра таго, хто свае спецыяльныя веды ператварае ў тайну, хто робіць выгляд, што ведае асаблівыя тайны.

[Лац. augur.]

аўгіеў, ‑ева.

У выразе: аўгіевы стайні гл. стайня.

[Ад імя легендарнага цара старажытнагрэчаскай міфалогіі Аўгія.]

аўдавелы, ‑ая, ‑ае.

Які стаў удаўцом (удавой). Аўдавелы мужчына.

аўдавець, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Стаць удаўцом або ўдавой. Ніна, як і Люба, за вайну аўдавела, засталася адна з двума дзецьмі. Васілевіч. Апошнімі гадамі Вялічка аўдавеў і жыў з адным толькі сваім хлопцам. Чорны.

аўдотка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

1. Начная птушка атрада сеўцападобных з шэра-пясчаным апярэннем, якая сустракаецца на поўдні Беларусі.

2. Абл. Назва невялікай азёрнай рыбкі; род дробнай плоткі.

аўдыенцыя, ‑і, ж.

Высок. і іран. Афіцыйны прыём у высокапастаўленай асобы. — Ну добра.., — урачыста абвясціў Вейс, узняўшыся ў крэсле, каб паказаць, што аўдыенцыя канчаецца. Лынькоў. — Прыходзь жа сюды не пазней трох дзён, раскажаш нам, што здабудзеш за гэты час. Апознішся, то можа мяне не застанеш тут. — На гэтым і скончыў дзед Талаш сваю аўдыенцыю. Колас.

[Лац. audientia — слуханне, выслухванне.]

аўдыторыя, ‑і, ж.

1. Памяшканне, прызначанае для чытання лекцый, дакладаў. Сцёпка ўвайшоў у аўдыторыю, дзе прымалі экзамены па матэматыцы. Колас. Гэта была вялізная, чалавек на сто, аўдыторыя з чорнай дошкай ля дзвярэй. Кудравец.

2. зб. Слухачы лекцыі, даклада, прамовы і пад. Дзіцячая аўдыторыя. ▪ Калі зала запоўнілася слухачамі, .. [Пілацееў] прыйшоў і адразу стаў каля трыбуны, пакланіўшыся аўдыторыі. Галавач. З прычыны таго, што .. аўдыторыя [дзеда Талаша] складаецца з аднаго толькі слухача, а часу ў яго няма, бо падыходзіць начальнік заставы, дзед абмяжоўваецца кароткім адказам. Колас.

[Лац. auditorium.]

аўкцыяніст, ‑а, М ‑сце, м.

Афіцыйная асоба, якая ажыццяўляе продаж з аўкцыёну.

аўкцыён, ‑у, м.

Публічны продаж, пры якім рэч набываецца тым, хто дае за яе найбольшую суму; таргі. Прадаць з аўкцыёну.

[Лац. auctio (auctionis) — павелічэнне.]

аўкцыённы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да аўкцыёну. Аўкцыённы продаж.