Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

ат, выкл.

1. Пры перадачы абвяржэння, рашучага адмаўлення. — Ат, не крывіце душою, дзядзька Цымбал, — высокім нецярплівым голасам умешваецца Ульяна. Скрыган. — Ат, не прыставай. Я доўга не буду, толькі пабачу аднаго чалавека і прыйду, — супакоіў [жонку] Лявон. Дамашэвіч. Сідар кіне недакурак на зямлю, растопча яго і скажа, зневажальна зірнуўшы на Кручка: — Ат, глупства. Чарнышэвіч.

2. Пры перадачы непрыемнасці, адчаю; эх. — Ат! — махнуў рукой стары. — Быў дуб, ды сваё адшумеў. Хадзем вось лепш у хату. Брыль. [Бацька:] — Ат, скруцілася дурніца. Ніякага зладу з ёю [Гэлькай] няма. Грахоўскі. — Ат, што было, то было, — не залюбіў Сцяпан і, каб перавесці гаворку, зноў пачаў пра сала. Гроднеў.

3. Пры перадачы бесклапотнасці, нядбайнасці: няхай, так. Навіну радасную гэту [прылёг жаваранка] Паслаў адразу ў газету. А што, калі не надрукуюць? Ат, жаваранка й так пачуюць! Вітка. [Цёця Сіма:] — Ат! Зробім усё і без тае цёткі, менш мітусні ў кватэры будзе. Дубоўка. [Васіль Сямёнавіч:] — Ат, што там доўга гаварыць альбо вельмі браць да галавы, калі ўсё ідзе на лад... Паслядовіч.

4. Пры выказванні незадаволенасні, прыкрасці. [Тарэнта:] — Ат, каб не казаць дрэннага слова, не чалавек ты, Мікіта, душы не маеш чалавечай, братавай. Галавач. [Маці:] — Ат, знайшоў каго слухаць — Данілу. Той спіць і ў сне партфель бачыць. Асіпенка.

атабарвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да атабарыцца.

атабарыцца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; зак.

Разм. Уладкавацца, размясціцца. Гасцінны гаспадар адвёў два пакойчыкі Цэзарыю Гальвасу, а Блецька атабарыўся ў мураванай прыбудоўцы к дому. Чорны.

атава, ‑ы, ж.

Трава, якая вырасла ў той жа год на пакошы. На лугах ужо рассцілалася зялёнымі аксамітамі пяшчотна-кволая атава. Колас. Проста атаву скасіць, ды не проста ў хлеў скласці. Прыказка.

атавараны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад атаварыць.

атаварванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. атаварваць — атаварыць.

атаварвацца, ‑аецца; незак.

Зал. да атаварваць.

атаварваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да атаварыць.

атаварыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., што.

Выдаць або атрымаць тавар у пагашэнне якога‑н. абавязацельства. [Юля:] — Жэня ўжо атаварыла картачкі: масла, кансервы ёсць. Васілевіч.

атавізм, ‑у, м.

Спец. Праяўленне ў чалавека, жывёл і раслін такіх прыкмет, якія былі ўласцівы іх далёкім продкам. // перан. Рэшта, паўтарэнне чаго‑н., што было ўласціва папярэднікам. Палітычны атавізм.

[Ад лац. atavus — продак.]