Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

апавешчаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад апавясціць.

апавядальнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць апавядальнага.

апавядальны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да апавядання (у 1 знач.), які змяшчае апавяданне. Апавядальны сказ. Апавядальны жанр. // Спакойны, эпічны. Твор [Шамякіна «Глыбокая плынь»] быў вывераны на лепшым вымяральніку: сэрцы чытача. Апавядальны тон рамана глыбока хвалюе. Кучар.

апавядальнік, ‑а, м.

1. Той, хто апавядае, расказвае аб чым‑н. — Ага, цікава, — успомніў наш, апавядальнік, — як сям’я Белавуса апынулася ў лесе. Гурскі. // Той, хто ўмее добра, выразна апавядаць. Словам,.. [кравец] быў не злы чалавек, гаварун, добры апавядальнік. Барсток.

2. Аўтар апавяданняў; пісьменнік. Маладыя апавядальнікі паглыбіліся ў працу над шырокімі палотнамі — раманамі і аповесцямі. «Маладосць».

апавядальніца, ‑ы, ж.

Жан. да апавядальнік.

апавяданне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. апавядаць.

2. Невялікі мастацкі апавядальны твор, звычайна ў прозе. Гумарыстычнае апавяданне. ▪ Усё зразумела Даніну яшчэ і таму, што ў апавяданні, якое чытала ім настаўніца, гаварылася пра такіх жа, як ён, дзяцей вясковай беднаты. Брыль.

апавядацца, ‑аецца; незак.

1. Расказвацца, апісвацца; з’яўляцца зместам чаго‑н. У другой казцы апавядаецца пра дзяўчыну. Лойка.

2. Зал. да апавядаць.

апавядаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Расказваць, апісваць; паведамляць аб чым‑н. Турсевіча вельмі насмяшыла адно здарэнне на чыгунцы, і аб гэтым апавядаў ён цяпер Лабановічу. Колас. Потым маці пачала апавядаць пра жыццё калгаса. Дуброўскі.

апавясціць, ‑вяшчу, ‑вясціш, ‑вясціць; ‑вясцім, ‑весціце; зак., каго-што, аб чым і з дадан.

Паведаміць аб чым‑н., давесці да ведама каго‑н. Апавясціць важную навіну. Апавясціць аб прыездзе. ▪ — Людзей трэба апавясціць! — нецярпліва прамовіла.. [Ганна]. Мележ.

апавяшчальны, ‑ая, ‑ае.

Прызначаны для апавяшчэння. Апавяшчальныя сродкі.