Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

аб, прыназ. з В і М.

Спалучэнне з прыназ. «аб» выражае:

Аб’ектныя адносіны

1. з В. Ужываецца пры ўказанні на прадмет, з якім хто‑, што‑н. збліжаецца, сутыкаецца ў працэсе руху, дзеяння. Дождж б’ецца аб хвалі ракі. Багдановіч. Ледзь не шаргануўшыся аб рукаў Віктаравага шыняля, прайшоў са старшынёй Шандыбовіч. Кулакоўскі. Васілька аж паморшчыўся ад болю, да таго нылі ногі, збітыя аб пнёўе, аб вузлаватыя карэнні дрэў на лясных сцяжынках, паколаныя аб хваёвыя шышкі, сухую ігліцу. Лынькоў. // У прыслоўных спалучэннях паказвае на ўзаемадзеянне паміж прадметамі. Цяпер.. [галіны] застылі нерухома, але, калі вецер праходзіць над лесам, яны пачынаюць церціся адна аб другую і глуха скрыпець. Колас.

2. з М. Паказвае на прадмет гаворкі, думкі, пачуцця. Іван сумуе аб працы, сумуе аб каласах жытніх на сваёй паласе, аб заліўных сенажацях, аб дзецях-румзах. Лынькоў. Як аб табе чуюць, так аб табе і мяркуюць. Прыказка.

3. з М. Паказвае на прадмет харчавання. Аб адной вадзе сыт не будзеш. Прыказка. Аб малаку ног не павалаку. Прыказка.

Часавыя адносіны

4. Разм. Паказвае на адрэзак часу, у межах якога завяршаецца дзеянне. Вярнуўся з горада аб адзін дзень. ▪ Дзяўчына аб раз не паверыла воку. Броўка.

аб..., прыстаўка (гл. а... 1).

1. Ужываецца замест «а... 1»: 1) перад галоснымі: абысці, абыграць, абымшыць, абумовіць, абучыць, абярнуцца; 2) у некаторых выпадках перад зычнымі: абняць, абдумаць, абвешаць, абвесці, абжаць.

2. Ужываецца ў некаторых выпадках нароўні з прыстаўкай «а... 1» перад зычнай: абгарадзіць, абкарыць, абпаліць, абкантаваць, (параўн. агарадзіць, акарыць, апаліць, акантаваць).

3. Ужываецца для ўтварэння дзеясловаў са значэннем прычыніць страту каму‑н. у працэсе дзеяння: абважыць, абмераць, аблічыць, абхітрыць.

4. Ужываецца для ўтварэння дзеясловаў са значэннем не ўлічыць, абысці каго‑, што‑н. пры размеркаванні чаго‑н.: абдзяліць, абмінуць.

аба, прыназ. з М.

Ужываецца ў спалучэннях аба мне і (радзей) аба ўсім (ўсёй, ўсіх). [Зося:] — Што аба мне пытаць: не хочацца нават і ўспамінаць нічога. Гартны. [Міхал:] — Яшчэ не дал[ей], як пазаўчора, Са мною гутарыў, смяяўся [ляснічы] І аба ўсім мяне пытаўся. Колас.

аба..., прыстаўка (гл. а... 1).

Ужываецца замест «а... 1» і «аб...»: 1) перад збегам зычных: абабраць, абагнаць, абазваць, абазначыць; 2) перад зычнымі «б», «п» з наступным апострафам (’), а ў некаторых выпадках і без яго: абаб’ю, абап’ю, абабіць, абаперціся.

абабак, ‑бка, м.

Ядомы грыб з губчастай пад нізам буравата-шэрай шапкай на высокай тонкай ножцы; падбярозавік, бабка.

абабегаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Тое, што і абабегчы (у 3 знач.), з адценнем паўторнасці дзеяння. Аднаго разу.. [малады чалавек] даў нават соценную паперку, і Тані прыйшлося абабегаць увесь тэлеграф, каб размяняць гэтыя грошы. Васілёнак.

абабегчы, абягу, абяжыш, абяжыць; абяжым, абежыце; абягуць; пр. абабег, ‑ла; заг. абяжы; зак., каго-што.

1. без дап. Бягом зрабіць круг вакол чаго‑н. Абабегчы вакол дома.

2. Бегучы ў абход, абмінуць каго‑, што‑н. [Гітлеравец] выскачыў, абабег хлеў, прабег трохі наперад па цаліку, спыніўся і — застрачыў з аўтамата. Лупсякоў.

3. Паспешліва наведаць усе або розныя месцы. [Чалавек] старанна пагаліўся, выпрасаваў касцюм, потым абабег усе магазіны ў пошуках нейкага адмысловага падарунка. Асіпенка.

4. перан. Хутка распаўсюдзіцца, стаць вядомым усім. Чутка пра незвычайны ўраджай з аднае бульбіны ў той жа вечар абабегла ўвесь калгас. Якімовіч.

абабраны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад абабраць.

абабрацца, абяруся, абярэшся, абярэцца; абяромся, аберацеся; зак.

1. каго-чаго; толькі з адмоўем. Разм. Пра немагчымасць пазбавіцца каго‑, чаго‑н., справіцца з чым‑н. Не абабрацца клопату, бяды. ▪ Мала часу асталося да вяселля, і працы не абабрацца. Гартны.

2. Вылучыцца, вызначыцца, знайсціся. Тры гаспадары сядзелі за сталом і гаварылі аб пчолках. Галоўным бортнікам абабраўся Доўба. Колас. // Узяцца, падахвоціцца. [Адзін з паляўнічых:] — Ну, ці знойдзецца стралец, Хто галінку зніжа куляй?.. Вось адзін з іх абабраўся, Стрэліў — дуб той захістаўся. Колас.

абабраць, абяру, абярэш, абярэ; абяром, абераце; заг. абяры; зак., каго-што.

1. Зняць плады з дрэва, куста і пад. Абабраць яблыкі. Абабраць маліны. // Вызваліць ад пладоў. Абабраць яблыню. Абабраць сад. // Пазнімаць рукамі што‑н. з чаго‑н. Моніч, адабраў з плашча салому, што начаплялася ў брычцы. Бажко. // Сабраць што‑н., беручы жменямі, зграбаючы ў што‑н. Абабраць муку з пода. Абабраць рой у раёўню.

2. Абакрасці, абрабаваць каго‑н. ці абабраць што‑н. ашуканствам, пазабіраць што‑н. у каго‑н. [Андрэй:] — Паны вязуць нарабаванае дабро... Сялян нашых абабралі... Чарот.

3. Разм. Пасля пошукаў спыніцца на чым‑н., выбраць каго‑, што‑н. Абабраць месца для маёркі. Абабраць спосаб жыцця. ▪ З паклонам і павагай [жаніхі] будуць прыязджаць у яе [Эльзы] маёнтак, і яна абярэ сабе самага знатнага і прыгожага. Шчарбатаў.

4. Абрэзаць, зняць лушпінне з чаго‑н. Абабраць бульбіну. Абабраць апельсін.

•••

(Абабраць) да ніткі гл. нітка.

Абабраць як ліпку — тое, што і абадраць як ліпку (гл. абадраць).