Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

отарыналарынгалогія, ‑і, ж.

Медыцынская клінічная дысцыпліна, якая вывучае прычыны ўзнікнення, спосабы лячэння і прафілактыку захворванняў вуха, носа і горла.

[Ад грэч. ús, ōtós — вуха, rhis, rhinos — нос, lárynx, láryngos — гартаць і logos — навука.]

отаскапія, ‑і, ж.

Спец. Метад даследавання вуха пры дапамозе атаскопа.

[Ад грэч. ús, ōtós — вуха і skopéō — гляджу.]

ото, часціца.

Абл. Вось. — Струшня тут? — Тут. — З Камлюком радзяцца. — Ото і добра. М. Ткачоў.

отрак, ‑а, м.

Гіст. Член малодшай дружыны князя ў старажытнай Русі.

офіс, ‑а, м.

Кантора, канцылярыя, служба (у некаторых капіталістычных краінах).

ох, выкл.

1. Выражае спалох, боль, адчуванне палёгкі і пад. [Маці:] — Ох, і стамілася я за дзень, Толік!.. Пакуль з гаспадаркай управілася ды грубку распаліла, і час непрыкметна прайшоў... Каршукоў. — Ох, божухна мой, божухна, — ніяк не магла маці дрыжачымі ад страху рукамі зашпіліць апошні гузік у .. [Лёнькі] на грудзях. Капыловіч.

2. Ужываецца пры выказванні, якое мае адценне шкадавання, незадавальнення і пад. Ох, паплыў бы я, здаецца, Хмаркі, разам з вамі, Каб на вёску сваю глянуць Нуднымі вачамі. Колас. — Ох, і не любіце вы, дзядзя Міша, спорт! — дакорліва ківаў галавою Смаляк. Паслядовіч. // Ужываецца пры выражэнні здзіўлення, захаплення і пад. Ох, суседка ж у мяне, Дайце ж, людзі, рады! Глянеш — сэрца растае, А я ж ёй не рады. Русак.