Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

рубцавацца, ‑цуецца; незак.

Зажываць, гаіцца, утвараючы рубцы (пра раны, язвы і пад.).

рубчасты, ‑ая, ‑ае.

1. З рубцамі 1 (у 1 знач.). З кішэні штаноў выглядала драўляная, рубчастая ручка вялікага рэвальвера. Самуйлёнак. // З кантамі; кантовы. Рубчастая шклянка.

2. Пакрыты рубцамі 1 (у 2 знач.). І толькі цяпер Віця ўбачыў, што ў новенькага кароткія, крыху ніжэй локцяў рукавы, а замест кісцяў рук з рукавоў вытыркаюцца рубчастыя чырванаватыя куксы. Нядзведскі.

рубчык, ‑а, м.

1. Памянш.-ласк. да рубец 1.

2. Выпуклая, рэльефная палоска на тканіне. Драп у рубчык.

рубідыевы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да рубідыю. Рубідыевыя крышталі.

рубідый, ‑ю, м.

Хімічны элемент, мяккі метал срабрыста-белага колеру, падобны па сваіх уласцівасцях на калій і натрый.

[Ад лац. rubidus — чырванаваты.]

рубікон, ‑а, м.

Пра мяжу, рубеж чаго‑н., перашкоду, якія цяжка пераадолець. Звычайнае запаленне лёгкіх, расказваў доктар, крызіс прайшоў, чалавек, з дапамогай медыцыны, мінуў смяротны рубікон. Ермаловіч. Калясніца гісторыі імчалася да рубікона з нястрыманаю сілай. Гартны.

•••

Перайсці Рубікон гл. перайсці.

[Ад старажытнай назвы ракі Рубікон, якую перайшоў Юлій Цэзар супраць волі сената і гэтым самым пачаў грамадзянскую вайну.]

рубіла, ‑а, н.

Прылада працы першабытнага чалавека з каменя міндалепадобнай формы, патоўшчанага і закругленага ў аснове, завостранага на канцы.

рубільнік, ‑а, м.

Ручны выключальнік якіх‑н. электрычных установак. Зноў націснута ручка рубільніка — і турбіна спыняецца. «Звязда».

рубін, ‑у, м.

Каштоўны камень чырвонага колеру. Дзе шуміць пад ветрамі Урал на вяршынях кастрамі рабін, нібы долю сваю, каля скал рудакопы шукалі рубін. Вялюгін. Толькі рубін блішчыць на пярсцёнку ранейшым бляскам. Бядуля.

рубінавы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да рубіну. // Зроблены з рубіну. Рубінавыя зоркі.

2. Чырвонага колеру, як рубін. Усюды звісалі цяжкія гронкі рабін, рубінавыя чапцы каліны, з якіх, здавалася, вось-вось пырсне церпкі сок... Паслядовіч. Помніш вечар з рубінавай дзіўнай зарой, ружавелі далёкія далі? Кляшторны.