Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

ода, ‑ы, ДМ одзе, ж.

1. Верш, напісаны ва ўрачыстым стылі ў гонар якой‑н. значнай падзеі або асобы. Оды Ламаносава.

2. Спец. Вакальны або сімфанічны твор урачыстага характару, прысвечаны якой‑н. значнай падзеі або подзвігу.

[Грэч. ōdē — песня.]

одапісец, ‑пісца, м.

Паэт, які піша оды.

одум, ‑у, м.

Разм. Стан разважання, засяроджанасці, паглыблення ў сябе, у свае думкі. Часамі.. [Волечку] агортваў одум. Яна думала пра.. [Кастуся] і шкадавала яго. Чорны. Я ішоў у парк і стаяў там, ахоплены одумам. Сачанка. Мы развіталіся з добрым Мацвеем Давідзюком, і я пайшоў дадому, апанаваны такім одумам, ад якога аж галава, здавалася, разломвалася. Сабаленка.

ой, выкл.

1. Паэт. Ужываецца ў якасці зачыну ў вершах, песнях (звычайна пры звароце або для папаўнення радка). Ой вы, думкі, думкі, Сэрца майго раны! Ці вы мае дзеці, Ці вы кім пасланы? Колас. Ой, дабранач, поле, добрай ночы! Мыйцеся расою ў лузе, травы. Бялевіч.

2. Тое, што і вой.

ойча, м.

Уст. Клічная форма ад слова «айцец». [Янка:] — Гарэлка твая і твая навіна! Благаславіся, ойча Андрэю! Колас. — Святы ойча! — зноў усклікнула Эмілія. Маўр.

оканне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. окаць.

2. Спец. Захаванне ў вымаўленні ненаціскнога «о» пасля цвёрдых зычных; проціл. аканне. Оканне палескіх гаворак беларускай мовы. Паўночнарускае оканне.

окаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Захоўваць у вымаўленні ненаціскное «о» пасля цвёрдых зычных; проціл. акаць.

окаючы, ‑ая, ‑ае.

У якім захоўваецца ў вымаўленні ненаціскное «о»; проціл. акаючы. Окаючы дыялект.

ом, ома, м.

У фізіцы — адзінка вымярэння электрычнага супраціўлення.

[Ад уласнага імя.]

омметр, ‑а, м.

Прыбор вымярэння супраціўленняў у омах.

[Ад слова ом і грэч. metréō — вымяраю.]