Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

юха, ‑і, ДМ юсе, ж.

Разм. Тое, што і юшка 2 (у 1, 4 знач.). Тым часам каля шалаша Віктар.. гатаваў над агнём юху. Краўчанка. Па карку Баба так дала, Што Пеўню вочы засланіла І юха з Пеўня пацякла. Колас.

•••

Юху спусціць гл. спусціць.

юхт, ‑у, М юхце, м.

Сорт скуры са спецыяльна апрацаваных конскіх, каровіных і свіных шкур. Боты з юхту.

юхтовы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да юхту. Юхтовы цэх. // Зроблены з юхту. Юхтовыя боты.

юшка 1, ‑і, ДМ юшцы; Р мн. юшак; ж.

Металічны кружок, якім закладаюць адтуліну ў коміне, каб не выходзіла цёплае паветра. Маці.. стаяла ля прыпечка і зачыняла ў коміне юшкі, каб пайшоў дух на выстуджаную за ноч хату. Капыловіч. Каб не здарылася бяда, вокны і юшкі ў коміне перад навальніцай зачыняюць. Грамовіч.

юшка 2, ‑і, ДМ юшцы, ж.

1. Страва са свежай рыбы з прыправамі; рыбны адвар. Увечары, калі прыехаў з горада Шыковіч, яны палілі свой касцёр і на агні варылі юшку; Яраш з сынам паспелі налавіць рыбы. Шамякін.

2. Поліўка (у 1 знач.). Сабіна з цікавасцю глядзела ў акно. Яна бачыла, як Сабастыян сам сёрбаў лыжкай юшку, спрабуючы, ці ўварыліся грыбы. Сабаленка.

3. Жыжка ва ўсякай страве. Сёрбай юшку, на дне гушча! З нар.

4. перан. Разм. Кроў. [Чалавек:] Сам бачыў, як у Бабруйску на Казначэйскай нейкі дзяцюк сунуў кулаком у храпу гарадавому, а той толькі юшку выцер, лахі пад пахі ды ходу. Грахоўскі.

•••

Пусціць юшку гл. пусціць.

ююба, ‑ы, ж.

Калючы хмызняк сямейства крушынавых з дробнымі кветкамі, зубчастым лісцем і ядомымі пладамі.