Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Тыршкля́ ‘трашчотка’ (Ласт.). Відавочна, гукапераймальнага паходжання, сюды ж і тырсчэ́ць ‘тарахцець’ (Ласт.) з узмацняльнымі нарашчэннямі ‑с‑/‑ш‑, ‑к‑, параўн. тыркацець (гл.), укр. ти́ркати ‘трашчаць’, польск. дыял. tyrkawka ‘трашчотка’.

Тыра́да ‘доўгая шматслоўная фраза’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), ‘месца, узятае цалкам з другога твору’ (Ласт.). Запазычана літаратурным шляхам праз рус. тира́да або польск. tyrada, якія з франц. tirade < італ. tirata ‘працягванне, цягненне’ з народнага лац. tirare ‘цягнуць’ (ЕСУМ, 5, 571; Фасмер, 4, 60; SWO, 1980, 786; Арол, 4, 72).

Тыра́н ‘правіцель у старажытнасці, які захапіў уладу сілай’ (ТСБМ), ‘правіцель, улада якога заснавана на дэспатызме і гвалце’, ‘кат, прыгнятальнік’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Ласт.), ты́ран ‘тс’ (Вруб.), ст.-бел. тыраннъ (1562 г.), тиранъ (1574 г.), тираннъ, тыранъ ‘тс’ (ГСБМ). Культурнае запазычанне праз еўрапейскія мовы з лац. tyrannus < ст.-грэч. τύραννος ‘неабмежаваны уладар’, паходжанне не вызначана (Махэк₂, 664; Брукнер, 590; Голуб-Ліер, 495; ЕСУМ, 5, 571). Сюды ж тыра́ніць ‘праяўляць дэспатызм, мучыць, прыгнятаць’ (ТСБМ).

Тырча́ць, тырчэ́ць ‘тарчаць’ (ТСБМ., Нас., Бяльк., Ласт.; ашм., Стан., ТС; паст., рагач., в.-дзв., Сл. ПЗБ), ‘быць навідавоку’, ‘жыць абы-як’ (Нас.), тырча́ць, стырча́ць ‘вытыркацца’ (Некр. і Байк.): пусты колас у гору тырчыць (Сержп. Прык.). Параўн. укр. тирча́ти ‘тс’, рус. дыял. тырча́ть ‘грукаць, тарахцець’. Фанетычны варыянт да тарча́ць (гл.), мажліва, экспрэсіўна маркіраваны. Карскі (1, 258) дапускае змену першапачатковага *tъrk‑ па недастаткова ясных прычынах у сувязі з націскам і даўжынёй складу, звязаўшы з т. зв. «трэцім поўнагалоссем» у Шахматава. Узводзіцца да прасл. *tъrčati/*stъrčati ‘тс’ і, магчыма, звязанага генетична з чэш. tyčiti se ‘ўзвышацца’ (Махэк₂, 650). Гл. таксама Фасмер, 4, 88; ЕСУМ, 5, 573; Арол, 4, 88. Сюды ж тырчако́м ‘тарчма’ (Адм.), тырчко́м ‘тс’, ‘стаўма, у вертыкальным становішчы’ (ТСБМ, Нар. Гом.), тырчко́м, тырчма́, тыршма́ ‘тс’ (Сцяшк. Сл.), трышма́, тырьчма́ ‘тс’ (Бяльк.), тырчма́ ‘стаўма, старчаком’, ‘не прылягаючы, не прыстаючы’ (ТСБМ), тырчмако́м ‘тарчма’ (Бяльк.); тырча́нка жарт. ‘чарга’ (Мат. Маг. 2). Гл. таксама тарчма, торчма.

Ты́рса ‘від кавылю, кавыль валасісты, Stipa capillata’ (ТСБМ), тырса́ ‘стэпавая трава Stipa’ (Ласт.). Параўн. укр. ти́рса ‘кавыль перысты, Stipa pennata’, рус. ты́рса ‘кавыль валакністы’, ти́рса ‘каласоўнік, мятліца’, польск. tyrsa ‘кавыль’, ‘калаўротнік, пустазелле’. Паводле Лаўчутэ (Балтизмы, 12), глухі варыянт літ. dìrsė, dìrsa ‘каласоўнік, Bromus L.’. Параўн. ды́рса, гі́рса (гл.), варыянт з пачатковым т‑, хутчэй за ўсё, русізм або ўкраінізм, не вядомы народнай мове (гл. Кіс.).

Тырса́ ‘апілкі’ (ТСБМ, Нар. Гом.; парыц., Янк. Мат., ТС; ветк., Ск. нар. мовы), ‘пілавінне’ (рэч., Нар. сл.; капыл., Жыв. сл.; бых., слаўг., касцюк., лун., ЛА, 1), тріса́ ‘тс’ (стол., там жа); ты́рса ‘пілавіны, апілкі, смецце’ (Бяльк., Ян., Растарг., Мат. Маг., Мат. Гом., ПСл; ганц., Сл. ПЗБ; слуц., карм., клім., чэрык., чач., лельч., ЛА, 1); тырс ‘тс’ (чач., ЖНС), ты́рша ‘пілавінне’ (калінк., ЛА, 1, Сл. ПЗБ), ты́рста ‘тс’ (Арх. ГУ). Параўн. укр. ти́рса ‘тс’, рус. ты́рса ‘тс’. Безумоўна, звязана з це́рці (гл.), с (ш) пасля зычнага асновы мае ўзмацняльную функцыю, падобную да аналагічнай у пырса ‘пілавінне’ ад пырсь, пырскаць, гл. Рэдкія дыялектныя формы кі́рса, кірса́ ‘тс’ (гом., ЛА, 1) адлюстроўваюць фанетычныя з’явы варыянтнасці k ~ t на поўдні Беларусі, дзе захоўвалася (гл. Векслер, Гіст., 228), параўн. старое літ. tirti ‘спрабаваць, даследаваць тручы, паціраючы’ (Смачынскі, 689).