Тутні́ца ‘аорта’ (Ласт.), ту́тніца ‘тс’ (Некр. і Байк.), ‘артэрыя’ (Др.-Падб.). Відаць, запазычана з польск. tętnica ‘тс’, параўн. тутнець, гл.
Туту́н ‘тытунь, Nicotiana rustica L.’ (Некр. і Байк., Ласт., Кіс., Касп.), туту́нь ‘махорка’ (Мал.). Запазычанае з польск. tutuń ‘тс’. У літаратурным тыту́нь, тыту́н (гл.), у дыял. тыту́нь віргінскі ‘Nicotiana tabacum L.’ (гродз., Кіс.), як і ў польск. tytoń, адбылося распадабненне цюркскага сінгарманізму, параўн. ст.-бел. тютюнъ, титунъ, титюнъ, тытюнъ (з XVII ст.), запазычаныя з крым.-тат., асм.-тур. tütün (Булыка, Лекс. запазыч., 151). Параўн. таксама цюцюн, гл.
Тутэ́йшы ‘мясцовы, які жыве тут, не прыезджы’, ‘які ўласцівы гэтай мясцовасці, не прывазны’ (ТСБМ, Нас., Яруш., Гарэц., Федар. 5, Бяльк., ТС, Касп., Вруб., Байк. і Некр.; акрамя ўсходняй Магілёўшчыны і Гомельшчыны, ЛА, 3), ‘абарыген, карэнны жыхар, тубылец’ (Ласт., Некр. і Байк.), ст.-бел. тутэйшы ‘родам адсюль, тубылец’, ‘які знаходзіцца тут’ (1635 г., ГСБМ). Паводле Карскага (1, 166), запазычана з польск. tutejszy — прыметнік ад tutej ‘тут’, хаця формай нагадвае параўнальную ступень прыметніка тутъ ‘гэты, вось гэты’ з суф. ‑эйш‑. Дзіні (Балтийские яз., 402) звяртае ўвагу на паралельнае літ. šišioniškiai (ад šišionai, šičionai ‘тут, сюды’), якім называюць сябе жыхары раёна Клайпеды. Пра рэгіянальную мадэль tutejsi/tutejšyja ‘die Hiesigen’ на беларуска-польскім паграніччы гл. Трэптэ ў Regionale Bewegungen in Regionalismen in europäischen Zwischenräumen seit der Mitte des 19. Jahrhunderts, Marburg, 2003, 145–157. Параўн. туташні, гл.
Тутне́ць ‘пульсаваць, рытмічна адгукацца’: тутніць у жылах кроў (Ластоўскі, Выбр. тв., 210), сюды ж тутно́ ‘пульс’ (Ласт.), ст.-бел. тутно ‘напружанне’ (ГСБМ). Параўн. рус. сіб. ту́тнуць ‘гучаць, адгукацца па зямлі (пра тупат)’, польск. старое tętnieć ‘рытмічна адгукацца, гучаць, разлятацца’, харв. tytnjiti ‘адгукацца гулам’, чак. tytńȉt ‘гудзець’: u glȏvȉ tutńȉ, славен. дыял. tutnéti ‘глуха гучаць’, серб. ту́тњити ‘грукатаць, грымець’, балг. тъ́тна ‘грымець, разлягацца, грукатаць’, радоп. татни́ ‘дрыжыць, трасецца (зямля пры землятрусе)’, макед. татни, татони ‘гудзець, разлягацца гулам’, ц.-слав. тѫтьнѣти ‘грымець, гучаць’. Прасл. *tǫtьneti/*tǫtьnati разглядаецца як вынік рэдуплікацыі кораня, які мае гукапераймальнае паходжанне (Фасмер, 4, 127; Брукнер, 571; Скок, 3, 529; Борысь, 633; Рэйзак, Prasl. dialektizacija, 146), дзеяслоў фармальна блізкі да літ. tutnoti ‘калаціць, таўчы’. Меркаванні Фурлан (Бязлай, 4, 252) пра мажлівасць вывядзення з прасл. *tǫtati і дэвербатыва *tǫtъ ‘гром, шум’ ставяць пад сумненне з-за адсутнасці фіксацыі ў славянскіх мовах адпаведных слоў (ESJSt, 16, 975), параўн., аднак, тут 2 ‘мера, ступень’ няяснага паходжання (гл.).