Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Ту́сцень ‘бабровы тлушч’ (Ласт.). Магчыма, роднаснае серб. ту̏ска ‘вытапкі, выжаркі’, гл. туск. Аднак больш верагодна ўзыходзіць да прасл. *tъlstъ (*tl̥stъ), якое ў шэрагу беларускіх гаворак рэалізавалася як туст‑: ту́сты ‘тоўсты, тлусты’ (Цыхун, ЈФ, 56, 1386–1387), параўн. за́таўка або за́тука ‘заправа стравы з якога-колечы туку, найчасцей расцёртага сала’ (Ласт.), серб. ту̏ст, харв. tȕst ‘тучны, тоўсты’. Архаізм, праформу якога можна прадставіць як *tl̥stъ‑enь; адносна суфікса як індаеўрапейскай спадчыны гл. Слаўскі, SP, 1, 125.

Ту́склы ‘цьмяны, без бляску’ (Ласт.), ‘бледны’ (Вруб.). Параўн. укр. ту́склий ‘цьмяны, мутны; смутны’, рус. ту́склый ‘цьмяны, змрочны; непрыкметны; падслепаваты’. Т. зв. элавая форма да дзеясловаў тускнуць, тускнець (гл.).

Тускне́ць ‘блякнуць, пагасаць, марнець’ (Некр. і Байк.), ‘губляць яркія фарбы, бляск, выразнасць (пра вочы)’ (Адм.), тусьне́ць, тусьні́ць ‘цямнець, траціць бляск’, ту́скнуць, ту́снуць ‘тс’ (Ласт.); ‘няярка гарэць’: Jak dròwa ŭ pièczy tùsknuć, to budzie abo adlèha, abo doždž (Пятк. 2). Параўн. укр. тускні́ти ‘рабіцца цьмяным, змрочным’, рус. тускне́ть, ту́скнуть ‘тс’, серб. натуштити ‘пакрыцца воблакамі’. Магчыма, сюды ж в.-луж. tusknyć ‘стукнуць, пляснуць’, якое Шустар-Шэўц (1561) лічыць заснаваным на гукаперайманні і вытворным ад tuskać ‘стукаць, пляскаць’, параўн. таксама ўкр. ту́сати ‘біць, калаціць’. Мяркулава (Этимология–1976, 96), разглядаючы серб. ту̏ска ‘выжаркі, вытапкі’, узводзіць яго да і.-е. *(s)teu̯‑ ‘біць, калаціць’. Лічыцца роднасным ст.-сакс. thinsti ‘змрочны, хмурны’, ст.-фрыз. thiūstere, англ.-сакс. đīestre ‘тс’, арм. t‘ux ‘чорны, карычневы, цёмны’ (< *tusk‑) (Фасмер, 4, 126; Арол, 4, 121). Гл. таксама туск.