Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

То́мны ’стомлены’ (калінк., Сл. ПЗБ, Ласт., Пятк. 2), то́мный ’хворы, нездаровы (пра жывот, цела і пад.)’ (Бяльк.). Вытворныя ад тамі́ць, гл. Сюды ж то́мна ’цяжка (ад душэўных перажыванняў’) (Бяльк.), ’кепска, дрэнна’ (Касп.), ’кепска, млосна’ (Стан.), то́мнасьць ’стомленасць’ (Мат. Гом.), ’томнасць, знямога ад душэўных перажыванняў’ (Бяльк.).

Том ’асобная кніжка са збору кніг’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк.), ст.-бел. томъ ’тс’ (1598 г., КГС). Запазычана праз польск. tom ’тс’ з франц. tome ’тс’ < лац. tomus ’тс’, што ўзыходзіць да грэч. τομος ’частка, адрэзак, том’ ад τάμνω ’рэжу’ (Фасмер, 4, 75; ЕСУМ, 5, 595).