Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Тво́рчы ’стваральны’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр.), сюды ж тво́рчасць ’творчая дзейнасць’, ’сукупнасць створанага’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр.). Запазычана з польск. twórczy, twórczość ’тс’.

Твор ’прадукт творчай працы’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Гарэц.), твуор ’стварэнне; істота’ (Арх. Федар.). Параўн. укр. твір ’прадукт творчай працы’, стараж.-рус. творъ ’выгляд’, польск. twór ’прадукт творчай працы’, ’стварэнне, жывая істота’, чэш., славац. tvor ’стварэнне; выраб’, славен. tvȏr ’утварэнне, нарыў’, серб.-харв. тво̑р ’пластыр з бялка на рану’, ст.-слав. творъ ’праца; чын’. Прасл. *tvorъ ’стварэнне, фармаванне, вытворчасць’, аддзеяслоўны назоўнік ад *tvoriti (гл. тварыць1), першапачаткова назва працэсу з наступнай канкрэтызацыяй (Борысь, 657; Бязлай, 3, 253); інакш і менш верагодна *tvoriti ад *tvorъ/*tvarъ, гл. ЕСУМ, 5, 533.

Твой ’уласцівы табе, належна табе’, перан. ’муж, каханы’ (ТСБМ), ’уласцівы, належны табе’ (Нас., Бяльк., Ласт., Некр. і Байк., ТС), тву͡ой ’тс’ (Федар. 4, Вруб.), ст.-бел. твои ’тс’, сюды ж тво́йскі ’уласцівы, належны табе’, ’па-твойму’. Укр. твій, рус. твой, польск. twój, н.-луж. twój, в.-луж. twój, палаб. tüj, чэш. tvůj, славац. tvoj, славен. tvój, серб.-харв. тво̑ј, балг. твой, макед. твој, ст.-слав. твои. З прасл. *tvojь, звязанага з *ty ’ты’ (гл. ты) і роднаснага да ст.-інд. tvaḥ ’твой’, авест. θwa‑, грэч. σός (*tvos), лац. tuus (< tovos), прус. twais ’тс’, і ўрэшце ўзыходзіць да і.-е. *tu̯o‑ (Фасмер, 4, 33; ЕСУМ, 5, 532–533; Брукнер, 587; ESSJ SG, 2, 704).