Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Тастаме́нт ’завяшчанне’ (ТСБМ), тэстамэ́нт ’запавет’ (Яруш.), тэста́мэнт ’запавет, завяшчанне’ (Некр. і Байк., Ласт., Бяльк.), ст.-бел. тастаментъ, тастамэнтъ, тэстамэнтъ, дастаментъ ’завяшчанне’ (1484 г., КГС). Са ст.-польск. testament ’тс’, што з лац. testamentum ’тс’ (Карскі, 1, 180; Булыка, Лекс. запазыч., 77).

Тасе́мка ’тасьма’ (Байк. і Некр., Ласт., Сл. ПЗБ), ’вузенькая стужка, паясок’ (Скарбы), ’вузкая каляровая тканіна, з якой даўней выкладалі ўзоры на сярмязе’ (Варл.), ’пояс’ (мёрск., стаўб., саліг., ЛА, 4), ’саматканы пояс без узораў’ (Сцяшк.), та́семка і тасёмка ’тасьма’ (Нас.), тасёмка ’тасьма’; ’завязка з тасьмы’ (ТСБМ, Бяльк.), ’вузкая палоска, якую нашывалі на спадніцы, фартухі’ (Жд. 2). Гл. тасьма.

Таска́ ’туга’ (пух., Сл. ПЗБ), таскава́ць ’тужыць па кімсьці без надзеі ўбачыцца’ (Пятк. 2), тоскова́ць ’тужыць, нудзіцца’ (ТС), таскава́ць ’тужыць, сумаваць’ (Ласт.). Укр. то́ска́ ’туга, сум’, рус. тоска́ ’тс’, стараж.-рус. тъска ’туга, неспакой’, тоска ’тс’, польск. tęsknić ’вельмі хацець убачыць кагосьці, дасягнуць чагосьці’, ст.-польск. tesknąć ’смуткаваць’, чэш. tesknit ’тс’, славац. teskniť ’тс’. Прасл. *tъska ’туга, сум’ адпавядае і.-е. *tus‑/*teus‑ ’апаражняць, спусташаць’; формы з ‑n‑ вытворныя ад *tъsknъ ’сумны, тужлівы’. Індаеўрапейскімі адпаведнікамі лічаць літ. taučiù, taũsti ’тужыць’, tautà ’туга’ (Фасмер, 4, 88; ЕСУМ, 5, 609; Борысь, 632).