Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Сіры́чка ‘нейкая птушка’ (хойн., Мат. Гом.). Няясна; магчыма, з сі́рын ‘невялікая птушка сямейства соў’ (ТСБМ), якую Ластоўскі тлумачыць словам пуга́ч і атаясамлівае з рус. си́рин ‘баечная птушка з жаночай галавой і грудзямі’ (Ласт.), што да лац. Sīrēn(a) ад грэч. Σειρήν ‘міфічная істота, сірэна’ без пэўнай этымалогіі.

Сірата́ ‘дзіця або падлетак, які застаўся без аднаго або без абодвух бацькоў’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Бяльк., Стан.), сірота́ ‘тс’ (ТС), сіраці́ць ‘рабіць сіратою’ (Нас., Касп., Стан.), сіраці́на ‘сірата’ (Байк. і Некр., Касп., Ласт., Нас.), ст.-бел. сирота ‘тс’. Укр., рус. сирота́, польск. sierota, в.-луж., н.-луж. syrota, чэш. sirota, серб.-харв. сиро́та, славен. sirọ̑ta, балг. си́рота, макед. сирота ‘тс’. Прасл. *sirota ‘сірата’ дэрыват ад прым. *sirъ з суф. ‑ota, першапачаткова nomen abstractum. Гл. Шустар-Шэўц, 1401–1402; БЕР, 6, 700. Кантытуанты прасл. *sirъ (гл. сіры) роднасныя літ. šeirỹs ‘удавец’, šeirẽ ‘удава’, авест. saē ‘сіратлівы, асірацелы’; гл. Траўтман, 301; Эндзелін, Слав.-балт. эт., 196; Праабражэнскі, 2, 289; Фасмер, 3, 627; Махэк₂, 544. Борысь (546) выводзіць *sirъ ад і.-е. *kei‑ з суф. ‑ro.

Сіро́п ‘канцэнтраваны раствор соку’, ‘густы адвар’ (ТСБМ), сыро́п ‘тс’ (Ласт., Некр. і Байк.). Новае запазычанне, відавочна, праз рус. сиро́п ‘тс’ (параўн. Крукоўскі, Уплыў, 73, 79 і наст.) або праз польск. syrop ‘тс’. З франц. sirop ‘патака’, якое з італ. siroppo ад араб. šarab ‘напой’ (Праабражэнскі, 2, 289; Фасмер, 3, 627; ЕСУМ, 5, 243).

Сірама́ха ‘воўк-адзіночка’, ‘сугней’ (Ласт., Байк. і Некр.), ‘чорны люд’ (Arche, 2007, 3). Укр. сирома́ха ‘бядняк, гаротнік’, сиро́ма ‘тс’, рус. паўд. сирома́ха ‘сірата’, серб.-харв. сиро́мах ‘сірата, бядняк’, славен. siromák, балг. сирома́х, макед. сиромашец ‘тс’. Прасл. *siromaxъ, дэрыват ад ⁺siroma, параўн. укр. сиро́ма ‘сірата; бядняк, гаротнік’, якое ад прасл. *sirъ (гл. сірата), з суф. ‑xъ, гл. Слаўскі, SP, 1, 71; Сной₁, 569. Беларускае слова падобна на запазычанне з украінскай, асабліва, калі прыняць пад увагу значэнні ўкр. сірома́нець, сірохма́нець — эпітэта ваўка. БЕР (6, 697–699) заўважае, што словаўтварэнне застаецца невытлумачальным, а ўкр. сірохма́нець не можа служыць паралеллю, паколькі ўтворана ад сір‑ ‘шэры’. Параўн. Пацюпа, Arche, 2007, 3, 209.