Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Сушы́ць ’рабіць сухім’, ’нарыхтоўваць у запас, высушваць’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Ласт., Стан., ТС, Сл. ПЗБ). Укр. суши́ти, рус. суши́ть, польск. suszyć, в.-луж. sušić, н.-луж. sušyś, чэш. sušit, славац. sušiť, серб.-харв. су́шити, ст.-слав. соушити і г. д. Прасл. *sušiti ад *suchъ ’сухі’ (Махэк₂, 591). Борысь (588) мяркуе, што гэта першапачаткова быў каўзатыў да прасл. *sъchnǫti ’сохнуць’, на які пазней налажыўся адыменны (ад *suchъ) дзеяслоў.

Су́ша ’зямля ў процілегласць воднай прасторы’, ’сухое надвор’е, засуха’ (ТСБМ, ТС), ’сухое надвор’е, засуха’ (Сл. ПЗБ, Байк. і Некр., Гарэц., Янк. 3., Пятк. 2, Сцяшк.), ’сухое месца’ (Сл. ПЗБ), ’цвёрдая зямля, мацярык’ (Ласт.). Укр. су́ша, рус. су́ша, ц.-слав. суша, польск. susza, чэш. souše, серб.-харв. су̑ша ’суш’, славен. súša ’тс’, балг. су́ша ’суша, засуха’, макед. суша ’тс’. Прасл. *suša (< *suxja) утворана ад *suchъ, сухі (гл.) пры дапамозе суф. ‑ja, што ўтварае адпрыметнікавыя абстрактныя назоўнікі, якія могуць набываць канкрэтнае значэнне, гл. Борысь, Etymologie, 544; Фасмер, 3, 814.

Суш ’сухое без дажджоў надвор’е, засушлівы час, засуха’ (ТСБМ, Ласт., Сцяшк., Сл. ПЗБ, ТС), ’што-небудзь пазбаўленае вільгаці, сухое (галінкі, паверхня зямлі)’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), ’сухая вашчына (пчаліныя рамкі з сотамі без мёду)’ (ТС; івац., жытк., Нар. сл., Скарбы, Сцяшк.), ’вашчына’ (брасл., шуміл., Сл. ПЗБ), сушь ’тс’ (Сл. Брэс., Анох.). Рус. сушь ’сухое надвор’е, засуха’, польск. susz, в.-луж., н.-луж. suš ’суш’, чэш. souš ’суша’, славац. súš ’суш’, славен. sȗš ’суша’. Прасл. *suxь, да сухі (гл.), што мае дакладны адпаведнік у літ. sausis ’сухая пара’ (Аткупшчыкоў, Этимология–1984, 193), параўн. літ. saũsis ’студзень’.