Сулі́ць ’прапаноўваць, даваць, абяцаць’ (Нас., Гарэц., Ласт., Некр. і Байк., Бяльк., Сержп., Тур., ЛА, 3, Сл. ПЗБ, Шатал., ТС; бых., ЖНС; мсцісл., З нар. сл.; чавус., Нар. сл.), ’жадаць’ (Ян.), сюлі́ць ’прапаноўваць, даваць’ (астрав., паст., Сл. ПЗБ). Параўн. укр. сули́ти, рус. сули́тъ, польск. дыял. sulić ’тс’. Відавочна, звязана са стараж.-рус. сулѣи ’лепшы’, ц.-слав. соулии, ст.-слав. соулѣи ’тс’, супастаўляльнымі з літ. šulnas ’выключны, цудоўны’, ст.-інд. śurah ’моцны, смелы’, грэч. χῦρος ’сіла, моц’ (Фасмер, 3, 801; ЕСУМ, 5, 472). Форма з пачатковым сю‑ (śu‑), відаць, пад уплывам літ. siū́liti ’прапаноўваць’, якое, у сваю чаргу, лічыцца запазычаннем з беларускай, гл. Смачынскі, 552. Гл. таксама пасуліць.
Суляя́ ’бутля’ (Гарэц.), сулі́я ’вялікая бутэлька’ (Бяльк.), суле́я, суле́йка ’лейка’ (Ласт.), суле́йка ’бутэлька, паўштоф, плоская бутля’ (віц., Шн.; Нік., Оч.). Параўн. укр. сулія́, рус. сулея́ ’тс’. Этымалагізавалася на аснове прасл. *liti (гл. ліць) як *sǫlěja (Фасмер, 3, 800; Трубачоў, Ремесл. терм., 258), чым, відаць, тлумачыцца і форма суле́я (аўтарскі наватвор Ластоўскага?). Параўноўваюць таксама са ст.-польск. sulnica ’бутэлька, пляшка’, польск. дыял. sulak ’гаршчок’, sulnik ’прымітыўная пасудзіна (звычайна з дрэва)’, славен. дыял. sȗlj ’ражка’, ’драўляная пасудзіна (для салёнага мяса, тварагу)’, якія Сной (гл. Бязлай, 3, 341) разам з чэш. дыял. šulek ’скрынка, каробка’ параўноўвае з літ. šùlė ’пасудзіна’, першапачаткова, відаць, зробленая з дрэва, што дае падставы звязаць гэтыя словы з шула (гл.). Няпэўна, параўн. суляк, гл.