Сно́ўдаць, сно́ўдацца ‘хадзіць, рухацца туды і сюды (часцей без мэты)’, ‘бадзяцца’ (ТСБМ, Ласт., Байк., Касп., Сцяшк., Варл., Жд. 3, Сл. ПЗБ; гродз., З нар. сл.; мёрск., Нар. лекс.), ‘снаваць’ (Байк. і Некр.), сну́дацца ‘тс’ (Шат.), сно́ўдацца, сны́даць ‘тс’ (Касп.), сна́ўдацца ‘валачыцца’ (Ян.), снаўда́цца ‘тс’ (Сл. ПЗБ). Сюды ж снаўда́ль ‘хто ходзіць без справы’ з літ. snaudãlius ‘соня’ (там жа). Лаўчутэ (Балтизмы, 73) адносіць да балтызмаў, параўн. літ. snaudà, snaudala ‘чалавек, які любіць паспаць’ < snausti ‘драмаць’, ‘быць павольным, марудным’. Розніца ў значэннях узнікла, відаць, пад уплывам снаваць ‘хадзіць туды і сюды’ (гл.). Гл. таксама Свобада, Studies in Slavic Linguistics and Poetics, N. Y. — London, 1968, 246. Гл. наступнае слова.
Сноп ‘звязка зжатых сцёблаў’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк.; ашм., Стан.; Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС). Укр. сніп, рус. сноп, стараж.-рус. снопъ, польск., н.-луж., в.-луж., чэш., славац. snop, серб.-харв. сно̏п, славен. snȍp, макед., балг. сноп, ст.-слав. снопъ. Прасл. *snopъ лічыцца роднасным ст.-в.-ням. snuaba ‘павязка’, snuobili н. р. ‘ланцужок’, да і.-е. *(s)neu‑ ‘вязаць’; Махэк₂ (564) тлумачыць праславянскую семантыку як ‘тое, чым звязваюць’ → ‘тое, што звязана’. Сной₁ (588) узводзіць *snopъ да і.-е. пашыранай базы *snəpo ‘тое, што звязана’ і, далей, да і.-е. базы *sneh‑p ‘звязваць’; Борысь (565) — да і.-е. *snēp‑/*snop‑/*snəp‑. Гл. яшчэ Фасмер, 3, 700 з літ-рай; ЕСУМ, 5, 334–335; Шустар-Шэўц, 1329.
Сно́за ‘скабка’ (Мат. Гом.), сно́зы ‘частка кроснаў — вертыкальныя планачкі, якія праходзяць скрозь абедзве паловы набілак’ (Уладз.), ‘рэбры ў кошыку’ (капыл., ЛА, 4), ‘бакавая акантоўка акна’ (Сцяшк. Сл.), сно́зік ‘прыстасаванне ў лежаку (вуллі), зробленае з планак, якія ўтвараюць упор для плечукоў рамак’ (Анох.). Укр. сно́за, сніз ‘рэбры ў кошыку’, ‘тонкія палачкі для падтрымання сотаў’, рус. кур. сно́зы ‘тс’, таксама ‘жэрдачкі для птушкі ў клетцы’, паўн. сна́зы ‘крыжападобна пакладзеныя планкі ў вуллі’, сну́за ‘затычка ў ярме’, польск. snoza ‘драўляная клямка’, snozik ‘драўляная рамка ўнутры вулля’. Варбат (Морфон., 41, 43) узнаўляе прасл. *snoza, *snaza, звязаныя чаргаваннем галосных. Да прасл. *noziti ‘пратыкаць, прабіваць’ (гл. нож), параўн. таксама рус. вонзить. Гл. яшчэ Праабражэнскі, 2, 345; Фасмер, 3, 700; ЕСУМ, 5, 337. Борысь (SEK, 4, 341) рэканструюе прасл. дыял. *sъnoza, дэвербатыў ад *sъ‑noziti, суадноснае з занозы ‘вертыкальныя планкі ў кроснах’. Сюды ж зну́за ‘звязь двух розных рэчаў’ (Ласт.) з іншым вакалізмам.