Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Сне́жань ‘дванаццаты месяц каляндарнага года’ (ТСБМ, Гарэц., Ласт., Байк. і Некр.). Толькі беларускае; часткова (у каранёвай частцы) яму адпавядае рус. дыял. сне́жа ‘люты’. Утворана па традыцыйнай народнай мадэлі назваў месяцаў замест студзень раней ‘дванаццаты месяц’, цяпер ‘першы’. Магчыма, ад снежны ‘багаты снегам’ ці снежыць ‘ісці (пра снег)’ з суф. ‑ань, гл. снег. Спецыяльна гл. Шаўр, Этимология–1971, 98, 100.

Сне́даць ‘есці раніцай’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Гарэц., Касп., Шат., Растарг., Бяльк., Сержп., Ласт., Сл. ПЗБ, ТС). Укр. сні́дати ‘снедаць’, рус. зах., паўд. снеда́ть, сне́довать ‘снедаць, закусваць, перахватваць’, ст. польск. śniadać, в.-луж. snědać, н.-луж. snidaś, чэш. snídat ‘тс’, серб.-харв. snijedati ‘з’ядаць усё’, славен. snédati ‘з’ядаць, згрызаць, апусташаць, ласавацца’, ст.-слав. сънѣдати ‘спажываць’. Прасл. *sъnědati — дэрыват ад ітэратыва *ědati < *ěmъ, *ěsti ‘ем, есці’, пры *sъněsti ‘з’есці’. Гл. Фасмер, 3, 697; Махэк₂, 228; Шустар-Шэўц, 1327; Трубачоў, Проспект, 83. Традыцыйна маецца на ўвазе прэфікс *sъn‑ (гл., напрыклад, Карскі 1, 324), аднак Шустар-Шэўц (Этимология–1988–1990, 95) бачыць тут прыстаўку *sъ‑ і ўстаўны ‑n‑. Аддзеяслоўны дэрыват сне́данне ‘яда раніцай’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Байк. і Некр., Гарэц., Касп., Шат., Растарг., Сл. ПЗБ), сне́данье ‘тс’ (ТС), сняда́нне ‘тс’ (Бяльк., Сл. ПЗБ, Варл.), як і ўкр. сніданне, польск. śniadanie, в.-луж. snědanie, н.-луж. snidańe, чэш. snídaně, разглядаецца як паўночнаславянская інавацыя; гл. Вештарт, Лекс. Палесся, 90 і наст. Сюды ж сняда́нка ‘дзяўчына, якая праводзіць нявесту ў дом жаніха’ (Касп.), параўн. лун. сьне́дальніцы толькі мн. ‘сваячкі маладой, якія прыязджаюць да маладых раніцай пасля шлюбнай ночы’, укр. ров. сні́далніцы ‘тс’ (Гура, С і БФ, 1995, 322), укр. сні́дальниця ‘якая снедае (у прыватнасці, у вясельным абрадзе)’, гл. ЕСУМ, 5, 335.

Снег ‘зімовыя атмасферныя ападкі’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Сл. ПЗБ, ТС), снег, сніга́ ж. р. ‘тс’ (Бяльк.), ст.-бел. снѣгъ ‘тс’ (Альтбаўэр). Укр. сніг, рус. снег, польск. śnieg, в.-луж. sněh, н.-луж. sněg, чэш. sníh, славац. sneh, серб.-харв. сни̏јег, славен. snẹ̑g, балг. сняг, макед. снег, ст.-слав. снѣгъ. Прасл. *sněgъ роднаснае ст.-прус. snaygis, літ. sniẽgas, лат. snìgs ‘снег’, гоц. snaiws ‘тс’, грэч. νείφες ‘ідзе снег’, лац. nīvit ‘тс’, ням. Schnee ‘снег’, а таксама ст.-інд. sníhyati ‘мокнуць, станавіцца клейкім’ і інш. (гл. Траўтман, 272–273; Покарны, 974) да і.‑е.*(s)nei​uh‑/*snig​uh ‘снег’; Фасмер, 3, 697 з літ-рай; Махэк₂, 564. Сной₁ (587–588) мяркуе, што прасл. *sněgъ і і.-е. *snig​uh першапачаткова абазначала ‘нешта клейкае, ліпкае, вільготнае’. Гл. яшчэ Шустар-Шэўц, 1327–1328; Скок, 3, 297; Борысь, 619; ЕСУМ, 5, 334–335.