Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Сле́сар ‘рабочы-металіст’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Пятк. 1), слёсар ‘тс’ (Янк. 2, Сцяшк. Сл.), сло́сар ‘тс’ (Сцяшк.), сляса́р ‘тс’ (Ласт.). Ст.-бел. слесаръ, паводле Булыкі (Лекс. запазыч., 89), праз ст.-польск. ślosarz з ням. Schlosser ‘тс’; паводле Новавейскага (Zapożyczenia, 11), польск. ślusarz з с.-в.-ням. sloʒʒer ‘тс’. Параўн. яшчэ ст.-бел. слосар ‘тс’ (Вярхоў, Наз., 17). Варыянтнасць у народнай і літаратурнай мове сведчыць аб розных крыніцах запазычання і розных ступенях адаптацыі.

Сле́цце (сьле́цьце) ‘плады’ (Arche, 2007, 3), сьле́ціва ‘зеляніна, гародніна’, сьле́ціўя ‘тс’ (Ласт.). Параўн. рус. дыял. сле́тье ‘ураджай; жыта; гародніна’. Відаць, да лета ‘летняя пара, пара спеласці’ (гл.); меркаванні Пацюпы (Arche, 2007, 3, 209) пра сувязь з укр. літь ‘цечка’, лі́тити ‘апладняць’ могуць мець падставы пры ўмове паходжання гэтых слоў ад лі́то (гл. лета), параўн. ЕСУМ, 3, 272. Параўн. таксама сле́тнік (сьле́тнік) ‘стары зняможаны конь, якога куплялі танна вясной для выкарыстання летам’ (полац., Шатал.).

След ‘адбітак ступні нагі, капыта, лапы’, ‘знак уздзеяння’ (ТСБМ, Ласт., Касп., Некр. і Байк., Сцяшк., ТС, Пятк. 2, Сл. ПЗБ), ‘права, прычына, падстава’ (Нас.), ‘дарога, сцежка; часовая мяжа на сенажаці паміж участкамі (Яшк.), ст.-бел. следъ ‘мера зямлі’ (Ст.-бел. лексікон). Укр. слід, рус. след, стараж.-рус. слѣдъ, польск. ślad, в.-луж., н.-луж. slěd, чэш., славац. sled, серб.-харв. сли̏јед, славен. slẹ̑d, балг. следа́, макед. следа, ст.-слав. слѣдъ. Прасл. *slědъ. Роднасныя літ. slidùs ‘гладкі, склізкі’, лат. sliēds ‘след, каляіна’, ст.-прус. slidenikis ‘сабака-сышчык’, с.-в.-ням. slîten ‘слізгацець’, ст.-в.-ням. slito ‘сані’, нова-в.-ням. Schlitten ‘тс’, грэч. ολισθανω ‘я слізгаю’; гл. Траўтман, 269; Торп, 539; Мюленбах-Эндзелін, 3, 932, 957–958; Фасмер, 3, 668; БЕР, 6, 858; Махэк₂ (553) літ. slidús лічыць запазычаннем з польскай. Сной₁ (579) узводзіць да і.-е. кораня *(s)lei̯dh‑ ‘слізгаць; паўзці’ з першасным значэннем для прасл. ‘каляіна, санная дарога’. Прасл. таксама *slěditi, працяг яго ў слядзі́ць, укр. сліди́ти, рус. следи́ть, польск. śledzić, в.-луж. slědźić, н.-луж. ślěźiś, чэш. slíditi, славац. sliediť, серб.-харв. слијѐдити, славен. sledíti, балг. следя́, макед. следи; гл. Фасмер, там жа; БЕР, 6, 862.