Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Слані́ць ‘хіліць; прыстаўляць’ (Нас., Ласт.), слані́цца ‘хіліцца, прыхіляцца, адхіляцца’ (Нас., Ласт.), часцей з прыстаўкай: заслані́ць, прыслані́ць, сланя́ць ‘хістаць, вадзіць у бакі’ (ТСБМ), сланя́цца ‘хадзіць туды-сюды (звычайна без мэты)’, ‘злёгку хістацца’ (ТСБМ, Сержп.), ‘хістацца’ (воран., Сл. ПЗБ, Варл.) — ітэратыў да зваротнай формы, як і рус. слоня́ться (КЭСРЯ, 415). Укр. слони́ти ‘сшываць дзве паловы штаноў у хаду’, слоня́тися ‘сланяцца; ісці няцвёрдай хадой, пакачвацца’, рус. дыял. слонить ‘прыстаўляць’, ‘сшываць кускі тканіны буйнымі шыўкамі’, заслони́ть, прислони́ть, польск. słonić, słaniać się, в.-луж. zasłonić, чэш. sloniti, cloniti ‘засланяць’, славац. sloniť, cloniť, серб.-харв. засло́нити, славен. slonéti ‘абапірацца, прыхіляцца’, балг. заслоня́. Прасл. *sloniti параўноўваюць з лат. slenêt ‘біць, калаціць’, slànît ‘накідваць; біць’, ст.-інд. śráyatē ‘прыхіляецца’, śráyati ‘прыстаўляе, накладвае’, далей з літ. šliẽti, šliejù ‘прыхіляць’, лац. clīno, ‑āre ‘нахіляць, гнуць’ і інш., якія да і.-е. кораня *k̂lei‑, *k̂loi‑, *k̂li‑ ‘хіліцца, прыхіляцца’. Гл. Брукнер, 500; Фасмер, 3, 675; Махэк₂, 556; Фрэнкель, 1004; Шустар-Шэўц, 1306, 1737; ЕСУМ, 5, 308. Варбат (Этимология–1972, 44) разглядае *sloniti як каузатыў да *slęnǫti ‘дасягнуць, прыстаць’.

Славу́ты ‘агульнавядомы; праслаўлены’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Байк. і Некр.), сюды ж ст.-бел. словутичъ ‘слаўны, славуты (пры звароце да каго-небудзь’ (Ст.-бел. лексікон). Укр. славу́тний ‘тс’, рус. дыял. слову́тный ‘славуты, шанаваны, багаты’, преслову́тый ‘праслаўлены’, стараж.-рус. словутьнъ, ст.-рус. Словутичь — эпітэт Дняпра, польск. sławętny, sławetny (набліжана да sławaБрукнер, 499), каш. słavutny, słavuty, чэш., славац. slovutný. Дэрываты ад *slovǫtъ, першаснага незалежнага дзеепрыметніка цяп. часу ад прасл. *slovǫ, *sluti, гл. слыць (Фасмер, 3, 673; Махэк₂, 557). Паўночнаславянская інавацыя *slovǫtъ, *slovǫtьnъ. Славэ́тны ‘знаны, праслаўлены’ (Ласт.) запазычана з польскай. Гл. яшчэ Басай-Сяткоўскі, Słownik, 320–321 (адмаўляецца чэшскае паходжанне слова).

Слабада́1 гіст. ‘у XI–XVI стст. сяліба вольных людзей, прадмесце’, ‘вялікае гандлёвае ці прамысловае сяло, пасёлак’; памянш. слабо́дка (ТСБМ, Ласт.), ‘гаспадарчае пасяленне сялян, вызваленых ад прыгону, на пэўнай адлегласці ад сяла’ (Пятк. 2). Укр., рус. слобода́, ст.-рус. свобода, слобода ‘тс’, ст.-польск. sloboda ‘невялікі пасёлак, пасяленне сялян’, гл. слабода. Трубачоў (История терм., 170) першаснае тэрміналагічнае значэнне дэфінуе як ‘сумесна жывучая роднасная група’ (гл. свабода), якое потым зазнала значныя змены. У рус., бел., укр. формах з націскам на канцы ён адзначае старажытную інтанацыйную асаблівасць, характэрную для зборных дэрыватаў. Карскі (1, 145) пры серб. слобо́да ‘свабода’ лічыць канцавы націск у слове заканамерным.

Слабада́2 ‘агульная назва скаціны’ (Арх. Федар.; пруж., івац., ДАБМ, камент., 887), ‘статак кароў’ (Сцяшк. Сл.). Хутчэй за ўсё, з слабы (гл.) з суф. ‑oda, які яшчэ праславянскі (гл. Слаўскі, SP, 1, 63); семантычная паралель у худоба (гл.) ад худы.

Слабы́ ‘які мае невялікую фізічную сілу, недастаткова дужы’, ‘нямоцны, нетрывалы’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Гарэц., Касп.; гродз., брэсц., ЛА, 5), ‘мізэрны, слабасільны, хілы, кволы’ (Ласт.), сла́бы(й) ‘тс’ (Бяльк., ЛА, 5). Укр. слаби́й, рус. сла́бый, ст.-рус. слабъ, польск., в.-луж., н.-луж. słaby, чэш. slabý, серб.-харв. сла̏б, славен. slàb, балг. слаб ‘слабы, худы, хілы’, макед. слаб ‘тс’, ст.-слав. слабъ. Прасл. *slabъ. Роднасныя: літ. slõbti, slobstù, slabaũ ‘слабець, траціць прытомнасць’, лат. slãbt ‘абмякнуць, панікнуць’, ст.-в.-ням. slaf ‘слабы, вялы’, с.-в.-ням., н.-ням. slap ‘тс’, гоц. slēpan ‘спаць’, магчыма, лац. labor, labi ‘падаю, кульгаю’, laborāre ‘цяжка працую, падаю ад стомленасці’; гл. Младэнаў, 588; Праабражэнскі, 2, 316–317; Фасмер, 3, 664; Траўтман, 270; Вальдэ-Гофман, 1, 739; Махэк₂, 551. Скок, 3, 277; ЕСУМ, 5, 294; Брукнер, 499 лічаць слова славяна-германскім, а балцкія формы разглядаюць як запазычанні з польскага. Райхельт (KZ, 39, 25), Праабражэнскі (там жа), Скок (там жа) і інш. рэканструююць і.-е. аснову *(s)lab‑, *(s)lōb‑ > лац. lābor, labi ‘слізгаць, праслізгваць’; гэту лацінскую паралель прымае і Фасмер (там жа). Махэк₂ (551) даўгату а ў славянскім слове, параўнальна, напрыклад, з ст.-в.-ням. формай, лічыць экспрэсіўным падаўжэннем. Борысь (537) узводзіць да і.-е. *(s)lē̆b‑/*(s)lō̆b‑/*(s)lā̆b‑ ‘быць абвіслым, слабым’. Гл. яшчэ БЕР (6, 824–827) з аглядам іншых версій.

Слаць1 ‘пасылаць, адпраўляць’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Байк. і Некр., Варл., ТС). Параўн. укр. сла́ти, рус. слать, ст.-рус. сълати, польск. słać, в.-луж. słać, н.-луж. słaś, чэш. posláti, славац. slať, серб.-харв. сла̏ти, славен. posláti, ст.-слав. сълати. Прасл. *sъlati роднаснае гоц. saljan ‘прыносіць, ахвяраваць’, ст.-ісл. selja ‘перапраўляць, пераносіць, прадаваць’ (Траўтман, 292; Мікала, Ursl. Gr, 1, 79) і, далей, алб. sūljem ‘кідаюся, бягу’, гал. hollen ‘бегчы рыссю’ (гл. Фасмер, 3, 667; там жа і іншыя, менш верагодныя, збліжэнні). Сной₁ (474) адзначае, што прымальнай этымалогіі *sъlati няма. Ондруш (Studia Slavica, 6, 1960, 193 і наст.) спрабуе звязаць яго з літ. setė́ti ‘прыйсці’, salti ‘цячы’, семантычна абгрунтоўваючы гэта на прыкладзе хец. piyami ‘пасылаю’ < paimi ‘іду’, г. зн. ‘пасылаць’ <— ‘загадаць ісці’. Гл. яшчэ Махэк₂ (552), які на іншых і.-е. прыкладах разглядае аналагічнае семантычнае развіццё. Борысь (557) узводзіць да і.-е. *sel‑/*sol‑/*sl‑ ‘узяць; хапаць’; праславянскае слова, на яго думку, развілося ад першаснага каузатыўнага дзеяслова са значэннем ‘рабіць так, што хто-небудзь штосьці бярэ’ → ‘пасылаць, каб нехта штосьці атрымаў’. Гл. яшчэ ЕСУМ, 5, 296 з аглядам літ-ры.

Слаць2, сцялі́ць ‘класці, раскладваць, распасціраць, укладваць’ (ТСБМ, Нас., Сержп. Прымхі, ТС, Варл., Сцяшк., Сл. ПЗБ). Укр. сла́ти, стели́ти, рус. стлать, стели́ть, стараж.-рус. стьлати, польск. słać, ścielić, в.-луж. słać ‘сцяліць’, н.-луж. słaś, stłaś, чэш. stlát, славац. stlať, славен. stláli, балг. сте́ля, ст.-слав. стьлати. Прасл. *stьlati, *steljǫ роднаснае лат. slāt, slāju ‘накладваць, упакоўваць’, грэч. στέλλω “рыхтую, пасылаю’, лац. lātus ‘шырокі’ (< stlatus); да і.-е. *stel‑ ‘расцілаць’; гл. Траўтман, 286; Мюленбах-Эндзелін, 3, 924; Фасмер, 3, 753–754; Сной₁, 609; Борысь, 557; ЕСУМ, 5, 296–297; Міклашыч, 324; Покарны, 1018–1019; Махэк₂, 578. Фасмер (там жа) адзначае, што побач з і.-е. коранем *stel‑ прадстаўлены і *stern‑: лац. sternā, ‑ere, strātum ‘расцілаць, насыпаць’, грэч. στόρνῡμι ‘тс’ (параўн. прасл. *storna, гл. старана); Шустар-Шэўц, 1301–1302; Глухак, 558; Бязлай, 3, 317–318.

Сла́ва ‘шырокая вядомасць, прызнанне’ (Гарэц., Кос., Некр. і Байк.), ‘рэпутацыя’ (Ласт., Федар. 4, Пятк. 2), ‘думка іншых людзей’ (Сержп.), ‘ганьба’ (Ян.), ‘ганьба, дрэнная погаласка’, ‘ацэнка, рэпутацыя’ (ТС), ‘чуткі, размовы’ (ТСБМ), ‘хвала, гонар’ (Гарэц., Некр. і Байк.). ст.-бел. слава ‘агульная думка, рэпутацыя; хвала, гонар; шырокая вядомасць’ (Сташайтэне, Абстр. лекс., 77). Укр., рус. сла́ва, польск., в.-луж., н.-луж. sława, чэш., славац. sláva, серб.-харв. сла̏ва ‘слава, праслаўленне’, ‘свята ў гонар пэўнага святога’, славен. sláva, балг. сла́ва, макед. слава ‘праслаўленне, родавае свята’, ст.-слав. слава. Прасл. *slava. Як сцвярджае Махэк₂ (552), поствербальны дэрыват ад прасл. *slaviti. Звязана чаргаваннем галосных з слова (гл.). Роднасныя літ. slóvẽ ‘гонар; хвала’, šlãvinti ‘славіць’, лат. slava, slave ‘пагалоска; слава’, грэч. χλέος ‘слава’, ст.-інд. çrávas н. р. ‘хвала, слава, гонар’; гл. Траўтман, 307 і наст.; Мее, Études, 208; Буга, РФВ, 75; 145; Фасмер, 3, 664 з літ-рай. Корань *slav‑/*‑slav‑ часта сустракаецца ў славянскіх складаных імёнах тыпу: Славамір, Станіслаў, Барыслаў і пад. Гл. яшчэ БЕР, 6, 829–830. Сла́віць ‘праслаўляць’ узыходзіць да прасл. *slaviti, параўн. укр. сла́вити, рус. сла́вить, польск. sławić, в.-луж. sławić, н.-луж. sławić, чэш. slaviti, славац. slaviť, серб.-харв. сла̏вити, славен. slavíti, балг. сла́вя, макед. слави, ст.-слав. славити. Гл. аб дзеяслове Фасмер, 3, 664; БЕР, 6, 833 з аглядам літ-ры. Праблему складаюць адносіны назоўніка і дзеяслова. Трубачоў (SlW, 33) сцвярджае, што *slava > *slaviti, падобна да іншых выпадкаў утварэння каузатыўных дзеясловаў ад назоўнікаў тыпу *bava > *baviti, *trava > *traviti і пад., г. зн. слова ўяўляецца як сярэдняе звяно дэрывацыйнага рада: *sluti (гл. слыць) > slava > *slaviti, гл. таксама Трубачоў, Труды, 1, 148–150. Супрацьлеглага пункта погляду, выказанага Махэкам₂ (там жа), прытрымліваюцца Немец (SlW, 20 і наст.) і Шаўр (Slavia, 49, 1–2, 19–25), згодна з якімі слова паходзіць ад *slaviti, утворанага шляхам дэпрэфіксацыі *proslaviti, *oslaviti, паколькі прэфіксальныя формы больш раннія за непрэфіксальныя, паводле матэрыялаў “Слоўніка стараславянскай мовы”; развіццё уяўляецца як sluti > *oslaviti > *oslava > *slaviti > *slava, паколькі першапачаткова *slaviti не значыла ‘праслаўляць’, а ‘пашыраць добрыя звесткі аб некім’, што неістотна. Адносіны *slava да *slova (гл. слова), паводле Ломы (Пракосово, 171), уяўляюцца наступным чынам: або *slava ад *slova шляхам падаўжэння карэннай галоснай o > a, або як поствербатыў ад дзеяслова *slaviti, які ў сваю чаргу з’яўляецца ітэратывам ад *sloviti ‘выслаўляць, выражаць’, што ўтварыўся як дэмінатыў ад *slovo.