Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Се́рнік1 ‘запалка’ (ТСБМ; Гарэц., Байк. і Некр., Сцяшк.), се́рнікі ‘запалкі’ (ТС, ПСл, Сл. ПЗБ), се́ркі ‘тс’ (Касп.), сернічо́к ‘запалка’ (Нас.), се́рніцы ‘запалкі’ (Сл. ПЗБ), сярні́чка ‘запалка’ (Бяльк.), сірня́кі ‘тс’ (Бяльк.), се́рчыкі ‘тс’ (Сл. ПЗБ). Да се́рны, серка, сера (гл.) з розным суфіксальным афармленнем.

Сернік2 (серпикъ): “серникъ, или чернинькая, надъ деревьями и по полямъ летающая птичка” (Меер Крыч.). Няясна, магчыма, се́ўка, сі́ўка ‘Charadrius pluvialis L.’ (Ласт.), параўн. укр. си́вка ‘Charadrius morinellus L.’, тады да серы ‘шэры’ (гл.), параўн. укр. сірий кінь ‘тс’ (ЕСУМ, 5, 256).

Серабро ‘срэбра’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр.), сірабро́ ‘тс’ (Шымк. Собр.), сры́бра ‘тс’ (Ласт.), се́рабра ‘тс’ (Касп., Др.-Падб.), жыво́е серабро́ ‘ртуць’ (Шымк. Собр.; Яшк. Мясц.), ст.-бел. серебро, сребро (Альтбаўэр), серебра (Летапіс Аўрамкі XV ст., гл. Карскі, 1, 248); сюды ж серэбра́нка ‘мядзянка’ (брасл., Сл. ПЗБ), серабрыць ваду ‘класці сярэбраную манету пры купанні нованароджанага’ (Нік. Бабы). Параўн. укр. серебро́, срібро́, рус. серебро́, ст.-рус. сьребро, серебро, польск. srebro, в.-луж. slěbro, н.-луж. slobro, slabro, чэш. stříbro, славац. striebro, серб.-харв. сре́бро, славен. srebrọ̑, балг. сребро́, макед. сребро, ст.-слав. сьрекро, съребро. Прасл. *sьrebro ‘срэбра’. Слова мае балтыйскія і германскія паралелі, параўн. літ. sidãbras ‘серабро’, лат. sidrabs, гоц. silubr, с.-в.-ням., нов.-в.-ням. Silber ‘тс’, якія аднак узыходзяць да розных архетыпаў: усх.-балт. *sudrab‑/*sidarb‑, герм. *silubr‑/*silabr‑, слав. *sirabr‑, у аснове якіх нейкая назва, запазычаная разам з рэаліяй з Усходу. Трубачоў (Этногенез₂, 122) прапануе ў якасці зыходнай *śúb(h)‑riapa ‘светлая вада’, што атаясамліваецца з тапонімам Σιβριάπα, які Пталемей лакалізуе на Кубані. Махэк₂ (587) прапаноўвае сувязь з асір. sarrupum ‘тс’; Будзімір (Слав. филология, 2, 1958, 113) узводзіць да анаталійскага архетыпу *subau‑ro ‘бліскучы’. Гл. таксама Мюленбах-Эндзелін, 3, 835; Торп, 441; Фрэнкель, 780 і наст.; Фасмер, 3, 606; Борысь, 573; Сной₁, 601. Формы з псеўдапоўнагалоссем у выніку прыпадабнення зыходнага ь да наступнага е (Векслер, Гіст., 119).

Серп ‘сельскагаспадарчая прылада для жніва’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС). Параўн. укр., рус. серп, ст.-рус. сьрпъ, серб.-ц.-слав. сръпъ, польск. sierp, в.-луж., н.-луж. serp, чэш., славац. srp, серб.-харв. sȓp, славен. sȓp, балг. сърп, макед. срп, ст.-слав. срьпъ. Прасл. *sьrpъ. Паралелі ў іншых і.-е. мовах: лат. sirpis, sìrps ‘серп’, лац. sarpiō, sarpō ‘падразаю лазу’, магчыма, таксама ст.-в.-ням. sarf, с.-в.-ням. sarph ‘востры, грубы, жорсткі’ (Траўтман, 260–261; Мюленбах-Эндзелін, 3, 846; Фасмер, 3, 609–610). Абаеў (ВЯ, 1959, 2, 146) адносіць сюды ж асец. œxksyrf ‘серп’. Усё да і.-е. *ser‑ ‘рэзаць’ з расшыральнікам ‑р‑, аб якім Покарны І, 911–912; спецыяльна аб сувязі прасл. *sьrpъ з гэтым коранем гл. Гарачава, Этимология–1982, 54–55. Агляд праблематыкі гл. яшчэ Іванаў, Этимология–1976, 153 і наст. Гл. яшчэ Борысь, 547; Сной₁, 602; Глухак, 577.