Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Се́мя ‘насенне’, ‘род, племя’ (ТСБМ, Нас., Бяльк.), ‘насенне льну’ (Ласт., Шат., Варл., Сл. ПЗБ), се́мʼе ‘тс’ (ТС, Сержп. Прымхі), сюды ж семяно́, семяна́ ‘насенне’ (Сл. ПЗБ, ЛА, 2), ст.-бел. сѣмѧ ‘насенне’, ‘род, племя’ (Альтбаўэр). Укр. сі́мʼя, рус. се́мя, Р. скл. се́мени, ст.-рус. сѣма ‘семя; нашчадак’, польск. siemię, в.-луж. symjo, н.-луж. semje, чэш. кніжн. semě, símě, semeno, славац. semeno, серб.-харв. сје̏ме, славен. sẹ́me, балг. се́ме, макед. семе ‘насенне’, ст.-слав. сѣма ‘насенне’, ‘род’. Прасл. *sěmę, *semene. Роднасныя: ст.-прус. semen ‘семя’, літ. sémens, sémenys ‘ільняное семя’, лац. sēmen ‘семя, род, патомства’, ст.-в.-ням. sâmô; гл. Траўтман, 253 і наст.; Мюленбах-Эндзелін, 3, 832; Вальдэ-Гофман, 2, 512. Да і.-е. sēmen, якое з суф. ‑men утворана ад кораня *sē‑ (гл. сеяць). Гл. яшчэ Фасмер, 3, 600; Сной₁, 561, БЕР, 6, 606–607; Шустар-Шэўц, 1399–1400; Борысь, 546.

Сем, Р. скл. сямі́ ‘лік і лічба’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк.), ст.-бел. седмь, семь, семъ (Альтбаўэр). Укр. сім, Р. скл. семи́, рус. семь, Р. скл. семи́, стараж.-рус. семь, седмь, польск. siedem, палаб. siděm, каш. sėtme, в.-луж. sedom, sydom, н.-луж. sedym, чэш. sedm, славац. sedem, серб.-харв. се̏дам, славен. sédem, балг. се́дем, се́дъм, макед. седум ‘тс’, ст.-слав. седмь. Прасл. *sedmь. Гэта форма з’яўляецца вынікам змяшэння парадкавага лічэбніка *sedmъ і колькаснага *setь (аналагічна і ў ліч. pętь < pętъ, šestь < šestъ); падрабязна гл. Семерэньі, ВЯ, 1967, № 4, 9 і наст. Слав. *setь заканамерна працягвае і.-е. *septṃ‑, параўн. літ. septynì, лат. septiņi, ст.-інд. saptá, грэч. έπτά, лац. septem, ням. sieben ‘тс’; гл. Траўтман, 257; Мюленбах-Эндзелін, 3, 819; Вальдэ-Гофман, 2, 517 і наст. Прычыну захавання ‑d‑ у заходне- і паўднёваславянскіх мовах (параўн. выпадкі з заканамерным яго выпадзеннем plemę < *pledmę, vymę < *vydmę) і страту яго ва ўсходнеславянскіх (Карскі, 1, 352 адзначае, што д выпадае часам у помніках XI ст.) Трубяцкой (ZfslPh, 4, 375 і наст.) тлумачыць розным часам працякання працэсаў асіміляцыі і скарачэння канцавой групы зычных. Гл. таксама Борысь, 545; Сной₁, 557; Фасмер, 3, 599; Шустар-Шэўц, 1396–1397; БЕР, 6, 579; ESJSt, 13, 797; Нов. в рус. этим., 205; SEK, 4, 259–260.