Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Свал ‘узвышша, вузкая града, якая ўтвараецца пры аранні ў сярэдзіну, “у склад”’ (Дэмб., 2, 832). Рус. пахать в свал — звальваючы насустрач адна адной дзве сумежныя баразны, наўг. пахать на свал ‘разворваць барозны з бульбай праз адну’, укр. палес. свал ‘насыпны ўзгорак’. Да *сваліць ‘зваліць’, магчыма, русізм або графічна адаптаванае звал ‘навал; марэна’ (Ласт.). У адносінах да семантыкі параўн. склад3 (гл.).

Сваво́ля ‘гарэзлівасць, дураслівасць, гуллівасць’, ‘свавольныя ўчынкі, паводзіны’ (Нас., Гарэц., Бяльк., Мал., Янк. БП), ‘неразважныя дзеянні’ (Варл.), сюды ж сваво́ліць ‘гарэзнічаць’ (Нас., Шымк. Собр., Сержп., Варл.), свово́ліць ‘тс’ (ТС), свавольнік ‘гарэза; неслух’ (Нас., Бяльк., Ласт.), сваво́льства ‘непаслушэнства’ (Нас., Бяльк.), ст.-бел. своволенство ‘тс’. Ад свой і воля; Карскі (2–3, 89) бачыў тут, як ва ўкраінскай і польскай, “слитие слов”. У гэтай форме, мабыць, запазычанне з польск. swawola ‘тс’. Махэк₂ (596) польскае слова і чэш. svávůle, дыял. svávoľa ‘сваволя’ лічыць спалучэннем або састаўным словам і адрознівае іх ад складаных слоў тыпу рус. своеволье, своеволить, параўн. сваяволіць (гл.).

Сва́рка ‘спрэчка, якая суправаджаецца крыкам, шумам і пад.; лаянка’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Сл. ПЗБ), свар, сва́ра ‘тс’ (Нас.; ЛА, 3; Сл. ПЗБ), сва́рба ‘тс’ (Сцяшк., Сл. ПЗБ, Скарбы), свары́цца ‘спрачацца, крычаць; лаяцца’ (Нас., Касп., Ласт., Бяльк., Варл.), ст.-бел. сваръ (Альтбаўэр). Укр. сва́р(а) ‘сварка’, свари́тиса, рус. сва́ра ‘сварка, варожасць’, свари́ться, ст.-рус. сваръ ‘сварка’, сварити ‘спрачацца’, польск. swar, swarzyč sie, в.-луж. swar, swarić, н.-луж. swariś, палаб. svorĕt, чэш. svářit se, svár ‘сварка’, славац. sváriť sa, svár ‘тс’, славен. svȃr ‘ганьбаванне’, svaríti ‘ганьбаваць, перасцерагаць’, балг. сва́ра ‘сварка, спрэчка’, ст.-слав. сваръ ‘разлад, звадка, сварка’. Бліжэйшыя і.-е. адпаведнікі: ст.-ісл. svara ‘адказваць’, гоц. swaran ‘клясціся’, ст.-в.-ням. swerian ‘клясціся, гаварыць пэўна’, лац. sermo ‘размова’, нов.-в.-ням. Schwur ‘клятва’, гл. Траўтман, 296; Фасмер, 3, 569. Прасл. *svarь, *svara, *svariti ад і.-е. кораня *su̯er‑ ‘урачыста гаварыць’. Махэк₂ (594) *svariti спрабуе вывесці з *vaditi (гл. вадзіць) шляхам замены d на r у прыметніку *vadlivъ, адкуль гэтая змена распаўсюдзілася на назоўнік і дзеяслоў. Гл. таксама Борысь, 588–589; Шустар-Шэўц, 1383; БЕР, 6, 534; Бязлай, 3, 345.