Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Пяршы́ць ’казытаць, скрэбці, раздражняць (у горле)’ (ТСБМ; астрав., Сл. ПЗБ), ’пячы, свярбець’ (паст., брасл., Сл. ПЗБ), ’пыліць’ (Ласт.), пяршэ́ць ’казытаць, непакоіць (у горле)’ (Шат.), рус. перши́ть ’тс’, польск. pierszeć ’сыпацца, парашыць (пра снег, іскры, пыл)’, pierszyć ’тс’, чэш. pršeti ’імжэць, сыпацца (пра дождж, снег і інш.)’, славац. pršať ’тс’, славен. pršẹ́ti ’тс’, серб.-харв. pr̀šiti ’тс’, балг. пършо́ли (< *пърши, гл. БЕР, 6, 114) ’тс’. Прасл. *pьršeti, *pьršiti ’сыпаць, рассыпаць’ (Махэк₂, 487; Сной₂, 589; Банькоўскі, 2, 559 — без усходнеславянскіх слоў). Да семантыкі параўн. папярэдняе слова (гл.), а таксама літ. peršė́ti ’шчымець, свярбець’, per̃ši gérklę ’пяршыць у горле’, якія разам з perštė́ti ’тс’ лічаць (гл. Сл. ПЗБ) крыніцай запазычання беларускіх слоў, што па лінгвагеаграфічных прычынах цяжка давесці; паралелі, хутчэй за ўсё, сведчаць пра гукапераймальны (імітацыйны) характар слоў.

Пярха́ ’ношка на лапках пчалы’ (ЛА, 1), ’пылок (у кветках)’ (Ласт.), сюды ж пярхо́та ’перхаць’ (ЛА, 1). Апошняе не можа быць аддзелена ад пярхо́та ’сухі кашаль ад казытання ці раздражнення ў горле’ (Стан.), што да пе́рхаць ’пакашліваць’ (гл.). Той жа корань *pьrx‑ выступае і ў пе́рхаць ’дробныя лускавінкі ў валасах галавы’ (гл.), у семантыцы якіх аб’ядноўваюцца як сам выніковы працэс, так і тое, што яго выклікае. Параўн. таксама пярхля́к (пірхля́к) ’чалавек, які ўвесь час кашляе; фізічна слабы чалавек’ (Пан.; маладз., Янк. Мат.) і рус. дыял. перхля́к ’пухкі, падаючы снег’. Сюды ж пярха́ць ’кашляць’ (Юрч., Сл. ПЗБ, Жд.), параўн. укр. перха́ти ’тс’, рус. перха́ть ’пакашліваць’, польск. pierzchać ’сыпацца, лушчыцца (пра скуру)’ і пад., што, хутчэй за ўсё, маюць гукапераймальны (імітацыйны) характар, параўн. Фасмер, 3, 247. Да семантыкі параўн. польск. pierzch ’адлятаючы пыл’. Гл. таксама Банькоўскі, 2, 562; ЕСУМ, 4, 374; Траўтман, 206 (для славянскіх і балтыйскіх лексем прапануюцца тры агаласоўкі кораня *pьrx‑, *pъrx‑, *porx‑). Гл. пяршыць.

Пярсце́ц1 (пярсьце́ц) ’безыменны палец’ (Ласт., Стан.). Памянш. да *pьrstъ > (гл. пярсты), параўн. ст.-польск. pierściec ’палец’ у складзе батанічных назваў piącipierściec, pięćpierściec (1437 г.) ’дуброўка, Potentilla L.’ (*pьrst‑ьcь, гл. Банькоўскі, 2, 559), балг. пръсте́ц ’від грыбоў; узор на кажуху’ (ад пръст ’палец’) і пад.

Пярсце́ц2 (персце́ц) ’яма на тарфянішчы пасля пажару’ (ТС). Відаць, да прасл. *pьrstь ’попел, прах’, параўн. ст.-бел. персть ’зямля’, укр., рус. пе́рсть ’тс’, польск. pierść ’сухая сыпкая зямля, пыл’, чэш., славац. prsť ’зямля, верхні пласт глебы’, в.-луж. pjeršć ’тс’, славен. pȓst ’тс’, серб.-харв. пр̑ст ’тс’, балг. пръст ’выкапаная зямля; попел, пыл’, макед. прст ’зямля, пыл’, ст.-слав. прьсть, пръсть ’прах’, роднасныя літ. pir̃kšnys мн. л. ’жар, прысак’, лат. pìrkstis ’прысак’, ст.-інд. pŕ̥s̥an ’плямісты, стракаты’, ст.-ісл. fors ’вадапад’ (Фасмер, 3, 245; Шустар-Шэўц, 2, 1082; БЕР, 5, 829; Скок, 3, 57; Сной₂, 589; ЕСУМ, 4, 355). Да семантыкі параўн. балг. пръ́стник ’заглыбленне, яма’, пръстница ’месца, дзе капаюць гліну’ і пад.; тапонім польск. Pierściec (1550 г.) у Сілезіі (Банькоўскі, 2, 559). Матывацыйна звязана з порах, перхаць (гл.).

Пяру́н ’удар маланкі з громам’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Шат.; Бяльк., Сцяшк.; ашм., Станк.; вільн., паст., брасл., смарг., шальч., Сл. ПЗБ), ’бог грому і маланкі’ (ТСБМ, Ласт.), перу́н ’гром з маланкай’ (беласт., Сл. ПЗБ), ’нячысцік’ (ТС), пе́рун ’гром з маланкай’ (чэрв., пух., ст.-дар., Сл. ПЗБ; Воўк-Лев., Татарк.), сюды ж пяру́нбо́жжая стрэ́лка ’белемніт, чортаў палец’ (барыс., Ляц.), сперуне́ць ’спрахнуць, згінуць’ (слонім., Жыв. НС). Укр. Перу́н ’бог грому, маланкі і дажджу’, пе́ру́н, пе́рім, пе́рум ’гром’, рус. Перу́н, перу́н ’бог грому; гром; маланка’, польск. Piorun, piorun ’тс’, каш. ṕören, ṕorun, paro̊n ’злы дух; пярун (лаянка)’, чэш. Perun, perun ’міфічная істота; гром’, славац. Perun, pierun, perún, paron ’тс’ (лаянка)’, палаб. Peräunedån ’чацвер’ (калькуе ням. Donnerstag). У паўднёваславянскіх мовах толькі ў вытворных і тапонімах: славен. perunovi kamni ’чортаў палец, белемніт’, харв. perùnika ’касач, Iris’, славен. perúnika ’тс’ (магчыма, запазычана з харвацкай; звязана з Perun ’бог грома і маланкі’, бо мае доўгія і вострыя лісты, што напамінаюць стрэлы, Сной₂, 508), балг. перуни́ка ’расліны ятрышнік, Orchis; касач, Iris’, макед. перунига ’касач, Iris’ (паводле БЕР, 5, 182, звязаны з імем бога грому, што дае падставы для рэканструкцыі прасл. дыял. *perunika); горы Pèrun у Харватыі (Глухак, 475), назвы вяршыняў гор у Македоніі і Балгарыі Перун, Перен, Пирин (Вражиновски, Народна митологија на Македонците, 1. Скопје–Прилеп, 1998, 22–23). Прасл. *Perunъ (тэонім) і *perunъ ’той, хто б’е, паражае’, апошняе матывуецца дзеясловам *perti, *pьrati (гл. перыць, праць) і выступае ў якасці канкрэтнага, рэчыўнага (з элементамі адушаўлёнасці, параўн. суфікс пошта agentis ‑unъ) абазначэння грому з маланкай (Трубачоў, Этногенез₂, 197), што, аднак, не выключае ўспрыняцця яго ў якасці бога, параўн. прыведзеную вышэй назву белемніта. Пра гэта сведчыць таксама табуізацыя назвы, параўн. каш. paro̊n, taro̊n, ṕornëk (SEK, 4, 168 і інш.). Бліжэйшымі роднаснымі лічацца літ. Perkū́nas, лат. Pḗrkūns, літ. perkū́nija ’навальніца з громам і бліскавіцамі’, прус. percunis ’пярун’, што дае падставы Іванову і Гамкрэлідзе (Индоевр., 615) дапусціць варыянтнасць асновы і.-е. *p​(h)eru і *p​(h)erk​(h)u; акрамя названых параўн. яшчэ алб. Perëndi ’бог неба, якога просяць пра дождж’ і “яцвяжскае” Pjarkus ’пярун’ (гл. Зінкявічус, Балто-слав. исслед., 1983), ст.-інд. Parjánya‑ ’бог дажджу; дажджавое воблака’. Гл. Фасмер, 3, 246–247, з літ-рай (адмаўляе роднаснасць славянскіх і балтыйскіх форм); Бязлай, 3, 27; БЕР, 5, 182; Глухак, 475–476; Махэк₂, 445. Пра сувязі назваў бога грому з назвамі дуба (“перунова дрэва”) і скалы (“месцазнаходжанне бога грому”) гл. Іванаў-Тапароў, Иссл., 76, 123; Мартынаў, Этимология–1997–1999, 103; Марчэўска, Etnolingwistyka 9–10, 122; Шустар-Шэўц, SlW, 34; Іванаў, Зб. Бернштайну, 1991, 27. Да семантыкі тэонімаў у сувязі з назвамі бога грому параўн. Алінеі, Зб. Івічу, 87. Банькоўскі (2, 584) непераканаўча разглядае беларускія, украінскія і славацкія назвы як запазычанні з польскай, а літ. perkū́nas ’пярун’ лічыць роднасным прасл. *perkъ (гл. перак) з першасным значэннем ’той, хто валіць дрэвы папярок дарогі’ (там жа, 848).