Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Сёдні ‘сёння’ (Гарэц., Ласт., Ян., Мат. Гом.), сёдне ‘тс’ (Сл. Брэс.), ся́дні ‘тс’ (Нас.). Гл. сёння; форма без асіміляцыі д > н.

Ске́псціць ‘схібіць, памыліцца’, ске́псьціцца ‘блажэць, пагаршацца’ (Ласт., Некр. і Байк.), ске́псіцца ‘сапсавацца’ (Касп.), ске́пціцца ‘тс’ (карэліц., Нар. словатв.). Да кепскі, кепска (гл.).

Сузо́к ’мыс’ (Ласт.). Рус. пск., цвяр. сузо́к ’мыс’. Да уз‑ (гл. вузкі) з прыст. с‑ і суф. ‑ок. Параўн. суга ’тс’, гл.

Сы́здалі ’здалёк, здалёку’, сы́здаль ’у далечыні, далёка’ (Ласт.). Утворана першапачаткова шляхам зліцця ў адно слова спалучэння ⁺съ издали, параўн. рус. и́здали ’здалёку’.

Сяе́начы ’гэтай ноччу’ (Бяльк., Ян.), сее́начы ’сёння ўночы’ (Пятк. 2). Сцягненая форма, параўн. сяй ночы а паўночы (Бяс., Ласт.), гл. сей, ноч.

Сто́лец ‘крэсла’ (Нас., Ласт., Байк. і Некр., Гарэц., ПСл), стале́ц ‘столак, услон’ (Нар. Гом.), ‘зэдлік’ (Ласт.). Ст.-бел. столецъ ‘трон, прастол; сталіца’ (1434 г.) з ст.-польск. stolec (Булыка, Лекс. запазыч., 35). Гл. таксама Кохман, Stosunki, 129. Значэнне ‘крэсла’ развілося ўжо, відаць, у беларускай пад уплывам сто́лак (гл.) або было паўторна запазычана з польск. дыял. stołec ‘крэсла (са спінкай)’; параўн. яшчэ укр. стіле́ць ‘крэсла’.

Стру́шня ‘страва з розных агародных карэнняў’ (Нас.), ‘сумесь двух або трох частак сена з саломай’ (бых., Яшк. Мясц.); сюды ж, відаць, і ‘закалот, неразбярыха’ (Арх. Федар., Стан.), стру́шні ‘руіны’ (Ласт.). Аналагічна да папярэдняга слова, гл. Да семантыкі параўн. рус. стру́шня ‘турботы, трывогі, калатнеча’, струшни́ться ‘трывожыцца, мітусіцца, клапаціцца’, якія Куркіна (Этимология–1994–1996, 49–50) збліжае з струхну́ть ‘збаяцца’ (< *trux‑), суадносным з стру́шня ‘трывога’ (Ласт.).

Ся́паць ’торкаць, калоць, тыркаць’ (Ласт.), сяпа́г ’рэзніцкі нож’, сяпа́ч ’рэзнік’ (там жа). Няясна, магчыма, фанетычны варыянт се́паць (гл.); параўн. польск. siepacz ’бандыт, забойца’.

Стырча́ць ‘тырчэць’, ‘вытыркацца, высоўвацца’ (Некр. і Байк., Рам. 6, Ян.), стырч, стырчком ‘сторч, тарчмаком’ (Ласт.), стырч ‘палявы хвошч’ (лельч., ЛА, 1). Да тырчаць, гл.

Стырно́ ‘руль’ (ТСБМ, Ласт., Стан.), стыр ‘штыр, рулявое вясло’, ‘жэрдка, калок’ (ваўк., лудз., Сл. ПЗБ), стырнавы́, сты́рнік ‘галоўны плытнік, які кіруе плытом’ (ТСБМ), сты́рнік, стэ́рнік ‘тс’ (Сл. ПЗБ), стырнава́ць ‘кіраваць стырном’ (там жа), стыраваць ‘тс’ (Ласт.). Укр. стерно́, рус. паўд. стерно́, ст.-рус. стрънъ (XV ст.). Праз польск. ster ‘руль’ узыходзіць да с.-ням. stiure ‘тс’; гл. Фасмер, 3, 759; Праабражэнскі, 2, 385; Міклашыч, 322; ЕСУМ, 5, 413.