Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Сяке́ра ’прылада з лязом на тапарышчы’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Некр. і Байк., Касп., Сл. ПЗБ, Др.-Падб., Сцяшк., Стан., Бяльк.), сякі́ра ’тс’ (Шымк. Собр., Стан.), саке́ра ’тс’ (Сержп. Грам., Янк. 2, Скарбы, ЛА, 2), соке́ра ’тс’ (ТС, ПСл, Шн., 3, Арх. Вяр.), сокі́ра ’тс’ (Булг.), сако́ра ’тс’ (Пятк. 2, Янк. 2, Скарбы). Укр. соки́ра, рус. секи́ра, стараж.-рус. секы́ра, сѣкыра, сокы́ра, ст.-бел. секера, секира, сокера, сокира ’прылада для сячэння і часання дрэва; зброя ў выглядзе сякеры’ (Корчыц, Даследаванні па літаратуры і мове. Гродна, 1967, 123), польск. siekera, в.-луж., н.-луж. sekera, чэш. sekyra, славац. sekera, серб.-харв. сѐкира, славен. sekíra, балг. секи́ра, макед. секира, ст.-слав. секыра. Прасл. *sekyra роднаснае лац. secūris ’сякера’, і далей, прасл. *sěkti ’сячы’, ст.-в.-ням. saga, sěga ’піла’; Мее, 410; Траўтман, 255; Вальдэ-Гофман, 2, 506; Торп, 424. Бязлай (3, 224) на аснове сербска-харвацкіх і шэрагу славенскіх формаў, а таксама (ст.)-ц.-слав. сѣкыра з доўгім вакалізмам узнаўляе яшчэ прасл. дублет *sěkyra, дзе даўжыня галосных тлумачыцца ўплывам *sěkti ’сячы’ (гл. Міклашыч, 290; Лекарцы, 895; Махэк₂, 540; Фасмер, 3, 592 і інш.), Варбат (Морфон., 91) — *sokyra (параўн. украінскую і старажытнарускую формы). Геаргіеў (LP, 4, 1953, 109) указвае на няяснасць словаўтварэння і падобнасць на асір. šukurru, ст.-яўр. šegōr ’сякера’; Слаўскі (SP, 2, 28) прасл. *sekyra, *sěkyra лічыць дэрыватамі з суфіксам ‑yra ад каранёў *sek‑: *sěk‑. Супраць запазычання з лацінскай (Брандт, РФВ, 24, 146 і інш.) або нейкай іншай індаеўрапейскай мовы Фасмер, там жа. Мартынаў (Язык, 86–87) разглядае як пранікненне з італійскіх моў у праславянскі перыяд. Гл. Шустар-Шэўц, 1281; ЕСУМ, 5, 345; ESJSt, 13, 798.

Сяло́ ’вёска, вялікая вёска’ (ТСБМ, Шымк. Собр., Ласт., Некр. і Байк., Шат., Касп., Сл. ПЗБ), село́ ’тс’ (Маш., ТС), сэло́ ’тс’ (пруж., бяроз., Сл. ПЗБ), сыло́ ’тс’ (кам., Сл. ПЗБ; бяроз., Нар. ск.), перан. сяло́ (село́) ’дзеравеншчына, мужыччо’, сяло́‑брала (село́‑брело), сяла́‑брала (села́‑брела) ’цёмны, неадукаваны чалавек, дурань’ (Нас.), у выразах (быць) у (на) сяле ’быць у вёсцы, не знаходзіцца дома’ (валож., шчуч., смарг., паст., в.-дзв., Сл. ПЗБ), (ісці) на сяло (ісці) ’у госці’, ’сусед да суседа’, ’на вячоркі’ (Касп.); адсюль сяло́ ’вечаровыя зборкі, паседзіны’ (Барад.); ст.-бел. село ’пасяленне; вёска’ (Шадурскі, Бел. мова, 87). Укр., рус. село́, стараж.-рус. село, польск. sioło (з усходнеславянскіх — Брукнер, 491), у тапонімах: Długosiodło, Siedlce, в.-луж. sydło (рэфлекс прасл. ě ў в.-луж. і чэш. пад уплывам дзеяслова *sědětiШустар-Шэўц, 1396), н.-луж. sedlišćo ’жыллё’, чэш. sídlo ’месцазнаходжанне; рэзідэнцыя’, sedlák ’селянін’, славац. sedliak ’тс’, серб.-харв. се́ло, славен. sélo, балг. се́ло, макед. село, ст.-слав. село. Прасл. *sedlo < і.-е. *sed‑ ’сядзець’, роднаснае гоц. sitls ’сядзенне, крэсла’, лац. sella (< *sedlā) ’сядзенне’; гл. Бязлай, 3, 225–226; Махэк₂, 539; Скок, 3, 218–219. Фасмер (3, 596), Мее (419), Траўтман (248), Покарны (898) выдзяляюць яшчэ прасл. *selo ’ралля’, параўн. стараж.-рус. село ’поле, ралля; луг’: село земли, славен. sélo ’глеба’: selo kopati, якое ва ўсходнеславянскіх і паўднёваславянскіх супала з *sedlo; адрозніваюцца яны толькі ў заходнеславянскіх, параўн. чэш. selo ’сяло; ралля’, дыял. мар. selo ’сяло’ і вышэйпрыведзеныя формы з суфіксам ‑dl‑. На думку Курынай, матывацыя дзеясловам *sědeti першапачатковага *selo ’ралля, поле’ адбылася з пераходам да аседласці (Слав. языкозн., XIII, 371). Гл. ЕСУМ, 5, 209–210; Борысь, 548; ESJSt, 13, 799–800; Глухак, 544. Аб семантычным дыялектызме сяло ’наведванне; госці’, які разглядаецца як фінска-балтыйска-беларуская семантычная ізаглоса, гл. Кальбушэўскі, ABSl, 16, 159–164; Непакупны, Связи, 83–85.