Тутні́ца ‘аорта’ (Ласт.), ту́тніца ‘тс’ (Некр. і Байк.), ‘артэрыя’ (Др.-Падб.). Відаць, запазычана з польск. tętnica ‘тс’, параўн. тутнець, гл.
Тачо́к ’пляцоўка, узвышанае і роўнае месца’ (Ласт.), ’ток (глінабітная пляцоўка)’ (чавус., карм., ЛА, 4), ’катух’ (брэсц., Нар. сл.). Да ток 2.
Трафарэ́т ‘шаблон, узор’ (ТСБМ), трафарэ́тка ‘тс’ (ТСБМ, Ласт.). У аснове слоў запазычанае італ. traforetto ад traforare ‘свідраваць, праколваць’ (ЕСУМ, 5, 624).
Тапчагі́ ’нары’ (Ласт.). Няясна; у сувязі з адзінкавай фіксацыяй, магчыма, аўтарскае ўтварэнне Ластоўскага на базе тапчан (гл.), мн. л. пад уплывам нары.
Такт ’мерны рух; лад; пачуццё меры’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк.), тахт ’рытм, рытмічнае суправаджэнне’ (Сл. ПЗБ, Цых.), та́хта ’тс’ (Стан.). Запазычана з заходнееўрапейскіх моў, відаць, праз польск. takt ’рытм; далікатнасць’, ’рытм (у музыцы, руху)’, што з лац. tāktus ’дотык; адчуванне дотыку’ (ЕСУМ, 5, 506; Фасмер, 4, 13; Голуб-Ліер, 476; Брукнер, 564). Сюды ж такто́ўны ’які мае такт’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк.).
Тварэ́нне ’стварэнне; твор’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк.), творэ́нне ’тс’: bożaje tworèńnie (Пятк. 2), творыенʼе ’тс’ (Вруб.). Аддзеяслоўны назоўнік ад тварыць 1; параўн. стварэнне, гл.
Трупя́рня ‘морг, пакой для нябошчыкаў’ (ТСБМ, Гарэц., Некр. і Байк., Ласт.), трупэ́рня ‘тс’ (Сцяц., Жд. 1), трупа́рня ‘тс’ (ТС). Запазычана з польск. trupiarnia, дыял. truparnia ‘тс’.
Трыкра́ска ‘фіялка, браткі, Viola tricolor L.’ (Ласт.). Да тры (гл.), параўн. трайцвет ‘тс’ і кра́ска 1 ‘кветка’ (гл.); магчыма, штучна створаная назва па ўзоры лацінскай наменклатуры.
Тэрц ‘дрыжанне, тупат’: скачуць, аш тэрц па падлозе ідзець (Мова Сен.). Няясна, магчыма, звязанае з тарцаваць ‘стругаць дрэва ўпоперак слаёў’ (Ласт.), вытворнае ад торц, гл. тарэц.
Ту́сцень ‘бабровы тлушч’ (Ласт.). Магчыма, роднаснае серб. ту̏ска ‘вытапкі, выжаркі’, гл. туск. Аднак больш верагодна ўзыходзіць да прасл. *tъlstъ (*tl̥stъ), якое ў шэрагу беларускіх гаворак рэалізавалася як туст‑: ту́сты ‘тоўсты, тлусты’ (Цыхун, ЈФ, 56, 1386–1387), параўн. за́таўка або за́тука ‘заправа стравы з якога-колечы туку, найчасцей расцёртага сала’ (Ласт.), серб. ту̏ст, харв. tȕst ‘тучны, тоўсты’. Архаізм, праформу якога можна прадставіць як *tl̥stъ‑enь; адносна суфікса як індаеўрапейскай спадчыны гл. Слаўскі, SP, 1, 125.