Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Сярэ́бранік ’дуброўка, Potentilla anserina L.’ (ТСБМ, Касп., Дэмб. 1, Кіс.). Да серабро (гл.), ад прыметніка сярэ́браны (ТСБМ, Ласт.), ст.-бел. серебрѧнъ (Альтбаўэр), серебрыны (1405 г., Карскі 2–3, 229) з-за бліскучай афарбоўкі, параўн. срэбнік, гл. Сюды ж і сэрэбря́нік ’падтыннік, Chelidonum majus L.’ (Бейл.), параўн. іншую назву чортава серабро (Кіс.).

Сялі́ць ’уладкоўваць на незаселеных месцах, пасяляць’ (ТСБМ, Ласт.), сялі́цца ’пасяляцца’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Касп., Сержп. Прымхі). Укр. сели́ти, рус. сели́ть, чэш. sídliti ’жыць, пражываць, знаходзіцца’, славац. sídliť ’насяляць’, серб.-харв. сѐлити ’высяляцца, выязджаць’, славен. selíti ’сяліць’, балг. посе́лвам ’тс’, макед. сели ’перасяляць’. Прасл. *sedliti, дэнамінатыў ад сяло, гл. (Бязлай, 3, 226).

Сяда́к ’той, хто едзе, наняўшы вазака’ (Нас.), ’пасажыр’ (Ласт., Некр. і Байк., Мат. Гом., Сцяшк. Сл.; парыц., Янк. Мат.), таксама сядо́к ’тс’, ’коннік, вершнік’ (ТСБМ, Некр. і Байк.). Утворана ад сядаць (у павозку, сані і інш.), у пары з ваза́к ’фурман’ (гл.), форма з суф. ‑ок, магчыма, пад уплывам рус. седо́к ’тс’ або яздок, гл.

Сяве́ц1 ’сейбіт’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Ласт., Бяльк., Сл. ПЗБ, Варл., Мат. Гом., Сцяшк.), севе́ц ’тс’ (Арх. Вяр.). Да сеяць, гл. папярэднія словы.

Сявец2 ’невялікая птушка атрада сеўцападобных’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), ’птушка Charadrius pluvialis L.’ (Касп.), ’птушка, якая прылятае да нас, калі сеюць жыта’ (Варл.; мёрск., ЖНС), се́ўка, сі́ўка ’птушка Charadrius pluvialis L.’ (Ласт.). Параўн. укр. си́вка ’птушка Pluvialis Briss’, сі́вка ’птушка Charadrius pluvialis L.’, рус. си́вка, си́вчик ’тс’, польск. siewka ’тс’, siejka ’птушка Pluvialis L.’, siewnica, posewnica ’птушка з сям’і кнігавак, Squatarola helvetica’. Няясна; звычайна звязваюць з сеяць: як пачынаюць сеіць, сяўцы лётаюць і крычаць (ЖНС, 74), параўн. таксама Брукнер, 487; Варш. сл., 6, 110. Пра магчымасць збліжэння з сівы (гл.) сведчыць іншая назва птушкі сернік2 (ад серы ’шэры’), гл. Параўн. ЕСУМ, 5, 224; Антропаў, Назв. птиц, 370.

Сяля́к ’жыхар сяла’ (Ласт.). Параўн. ст.-польск. siodłak ’селянін’, рэдкае sedłak ’тс’, в.-луж., н.-луж. sedłak ’тс’, чэш. sedlák ’тс’, славац. sedliak ’тс’. Вытворныя ад прасл. *sedlo (гл. сяло), якія ў асобных славянскіх мовах выцеснілі першасныя формы, што ўзыходзяць да *sedlʼaninъ (гл. селянін), параўн. Трубачоў, Этимология–1980, 14. З іншай суфіксацыяй экспр. селю́к ’мужык, вясковец’ (Растарг.).

Сянні́к ’адрына, пуня’ (ТСБМ), ’матрац, набіты сенам ці саломай’ (ТСБМ, Нас., Касп., Жд., 2; бых., Янк. Мат.), сяльні́к, сядні́к, сяні́к, сені́к, сеня́к ’тс’ (Сл. ПЗБ, Ласт.), сельні́к ’матрац; месца для сена’ (ТС). Параўн. укр. сінни́к ’пуня, матрац’, польск. siennik ’тс’, чэш. seník ’пуня’, славен. senik ’пуня; матрац’, макед. сенник ’тс’. Самастойныя ўтварэнні ад сянны́ < сена; гл. таксама сельнік.

Сяка́ч1 ’прылада для драбнення; разак’ (ТСБМ, Нас., Шымк. Собр., Сержп., Грам., Ласт., Варл., Касп., Шат.), сека́ч ’тс’ (ТС). Да сячы (гл.), сюды ж са значэннем ’лесаруб, дрывасек’ (Варл., Стан.), даць секачоў ’пакараць’ (Ян.).

Сяка́ч2 ’дзік-самец’ (ТСБМ), сэка́ч ’дзікі кабан’ (стол., Нар. ск.). Да сячы (гл.), сячыся ’біцца’: із своім сечыса, рубайса, а з чужымі не мешайса (ТС), два вепры меж собою бьюцца, секуцца (Нас., БНТ, Загадкі).

Сяўба́ ’пасеў збожжа, час пасеву’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Касп., Стан., Шат., Сл. ПЗБ, Бяльк.), ’матэрыял (насенне, караняплоды, зерне) для пасеву’ (віл., Стан.; Сцяшк., Сл. ПЗБ), сеўба́ ’перыяд пасадкі караняплодаў’ (Арх. Вяр.), сылба́ ’ўсходы’ (зах.-палес., Выг.), ст.-бел. севба ’працэс пасеву і яго плён’: севба моя поспела, бочку севбы (1540 г.; Лінгв. дасл., 69). Дэрыват ад сеяць з суф. -ба, паводак Сцяцко (Афікс. наз., 33), з менай j/b у аснове.

Сям’я́ ’муж, жонка, дзеці і іншыя сваякі, якія жывуць разам’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Ласт., Гарэц., Бяльк., Пан.), семʼя́ ’тс’ ’рой пчол у вуллі’ (ТС), сымне́ ’тс’ (Сл. Брэс.). Укр. сімʼя́, рус. семья́ ’тс’, стараж.-рус., рус.-ц.-слав. сѣмиꙗ ’чэлядзь, дамачадцы; рабы’, ст.-слав. сѣмиꙗ ’сям’я’. Прасл. *sěmьja < *ḱoim‑, паведле Трубачова (История терм., 164), з і.-е. *ḱei‑ ’ляжаць’ з суф. ‑m‑, магчыма, праз перанос значэння ’стаянка, паселішча’, параўн. ням. Lager, і ўзыходзіць да абазначэння тэрытарыяльнай супольнасці. Роднасныя літ. šeima ’сям’я’, šeimýna ’сям’я, чэлядзь’, лат. sàime ’сям’я, дамачадцы’, ст.-прус. seimīns ’чэлядзь’ і, далей, гоц. haims ’паселішча’, ст.-в.-ням. heim ’радзіма’, ст.-в.-ням. hîwo ’муж’ і інш.; гл. Траўтман, 300; Мюленбах-Эндзелін, 3, 635; Фасмер, 3, 600 з іншай літ-рай. Ляпуноў (цыт.: Фасмер, там жа) *sěmьja разглядае як дэрыват ад *sěmь ’асоба’, параўн. рус.-ц.-слав. сѣмь ’тс’, як рус. братия ад брат. Гл. яшчэ ЕСУМ, 5, 254; Шаўр, Etymologie, 44. Сюды ж семʼяні́н ’член сям’і’ (ТСБМ, Некр. і Байк., ТС), семяні́н ’тс’ (Ласт., Сержп., Пятк. 2).

Сяўру́к ’Дзед Мароз’ (Ласт.), сяврю́к ’?’ (себеж., Мат.), уласнае імя Сяўрук (Шн. 2); сюды ж, відаць, і се́ўрук ’паўночны вецер’ (Касп.), параўн. укр. севрю́к ’наглядчык, ахоўнік’, рус. севру́к ’пануры, суровы чалавек’. Паводле Фасмера (3, 589), з *сѣверюк ад север (гл.); аналагічна Карскі 2–3, 36 (выдзяляе суф. ‑юк); Станкевіч (Стан., 1028) лічыць памяншальнай формай ад племянной назвы Севяра́нін. Гл. таксама ЕСУМ, 5, 202 (па семантычных прычынах украінскае слова супастаўляецца з тур. savruk ’бязглузды, нязграбны, няўмелы’). Параўн. сяўрыць, сяўрана, гл.