Свіны́ ‘які мае адносіны да свінні’, ‘свінячы’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Скарбы, Сл. ПЗБ), сьвінны́ ‘тс’ (Ласт.). Укр. свини́й, рус. свино́й, ст.-слав. свинъ. Прасл. *svinъ з’яўляецца кантынуантам і.-е. *su̯īno‑ ‘які належыць да свінні, свінскі’ (Борысь, 624), утворана ад і.-е. *sūs ‘свіння’ і адпавядае лац. suīnus ‘свіны’, гоц. swein н. р. ‘свіння’, грэч. ΰινος ‘свіны’, ст.-інд. sūkarás ‘свіння’, авест. hū‑ ‘парсюк’, лац. sūs, англасакс. sû ‘парася’, алб. thi ‘свіння’, лат. suvẽnş, sivẽnş ‘парася’; гл. Траўтман, 294; Фасмер, 3, 578. Большасць даследчыкаў (гл. напрыклад Вальдэ-Гофман, 2, 636; Брукнер, 537; Фасмер, 3, 579; Майргофер, 3, 490) лічаць і.-е. *sūs дэрыватам ад гукапераймальнага *su‑, тады ст.-інд. sūkarás азначае ‘жывёліна, якая робіць su‑’. Паводле іншых аўтараў (Уленбек, 339; Махэк₂, 596 і наст.), і.-е. *sūs роднаснае ст.-інд. sútē, sāuti, súyatē ‘нараджае’, і.-е. *seu‑ ‘нараджаць’. Гл. яшчэ Шустар-Шэўц, 1388; Сной₁, 624; БЕР, 6, 548; Борысь, 623–624. Сюды ж свіны татко: сагнуўса бы свіны татко (Сержп. Прымхі), дзе прыметнік мае хутчэй за ўсё прыніжальнае (пагарджальнае) значэнне.
Свіры́ць ‘ледзь-ледзь гарэць’ (Мат. Гом.), свірэ́ць ‘цьмяна гарэць’ (Сл. ПЗБ). Сюды ж свіру́шка ‘газоўка’ (чэрв., рагач., ЛА, 4). Параўн. рус. наўг. свири́ть ‘прасочвацца (пра ваду)’. Відаць, імітатыў на базе прасл. *svirati, *sviriti ‘свісцець, гудзець’, параўн. стараж.-рус. свирати, свирити ‘іграць на дудцы’, серб.-харв. сви́рати, сви́рити ‘гудзець, іграць на дудцы, скрыпцы’, славен. svírati ‘тс’, svíriti ‘гудзець, свісцець’, балг. сви́ря ‘іграць на музычным інструменце; гудзець, выдаваць гук; свісцець’, макед. свири ‘іграць (на музычным інструменце); гудзець, свісцець; стракатаць (пра цвыркуна)’, ст.-слав. свирати ‘іграць на дудцы’. Роднаснае ст.-ісл. svarra ‘бушаваць, свісцець’, ням. surren, schwirren ‘гудзець, свісцець’, ст.-інд. svárati ‘гучаць’, лац. susurrāre ‘шыпець, шаптаць; гудзець’ (Фасмер, 3, 579; Сной₂, 716). Зыходная семантыка захавалася ў свіро́ла ‘свістулька (самаробная)’ (Мат. Гом.), параўн. макед. дыял. свиро́л ‘жалейка, дудка’; сьвірэ́ц ‘музыка, што іграе на дзвюх дудках, звязаных разам’ (Ласт.), параўн. балг. свире́ц ‘музыкант на народных інструментах’, серб. сви́рац ‘музыка, што іграе на дудзе’ < прасл. *svirьcь (насуперак БЕР, 6, 554, не толькі паўднёваславянскі дыялектызм). Спецыфічная семантыка ‘цьмяна гарэць’ грунтуецца на гукавым суправаджэнні такога гарэння (шыпенні, гудзенні і пад.). Гл. таксама свірчэць.