По́сець ’хвароба, пошасць’ (ТС). Імаверна, першаснае посесць ці поседзь (у фанетычным запісе слова адбілася аглушэнне канцавога зычнага) ад посе́сці ’набыць’ (ТС), параўн. польск. posiadać ’мець пры сабе’, адсюль посесць / поседзь ’набытая хвароба’; падобным чынам славен. nahod ’хвароба’ ’тое, што найшло, з’явілася’. Тады да сесці, сядаць (гл.). Параўн. таксама славен. дыял. pošast — тое, што і nahod ’хвароба, запаленне, насмарк, катар’, аналагічна, як і пошасць, утворана ад *pošedti, таксама каш. pošedło ’зараза’ (Куркіна, Диал. структура, 171). Не выключана таксама, што гэта эўфемізм ад *sětь ’госць’, параўн. рус. посетить ’наведаць’, ст.-сл. посѣтити ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)