Налажы́ць, у выразе: налажы́ць галаво́ю ’панесці смерць, памерці’, параўн.: Баба варажыла, пакуль галавою налажыла (Янк. БП); И коникоў потрацишь, и сам голоўкой наложышь (Шн.), укр. наложи́ти голово́ю, душе́ю ’ахвяраваць жыццём, загубіць жыццё, душу; скласці галаву’, польск. nałożyć głową, zdrowiem, życiem ’заплаціць галавой, здароўем, жыццём’. Развіццё значэння дзеяслова налажы́ць ’накласці’, гл. лажы́ць, праз стадыю ’накласці плату, ахвяру на што-небудзь’, параўн. рус. налог ’падатак’, да ’заплаціць (галавою)’, параўн. тураўск. накла́сці (наложы́ць) голово́ю ’загінуць’ (ТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)