Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)
ЮРЫСКО́НСУЛЬТ (ад лац. juris-consultus правазнавец),
работнік прававой службы прадпрыемства (установы, арганізацыі), на якога ўскладаюцца: кантроль за законнасцю загадаў і распараджэнняў, што выдае адміністрацыя; удзел у складанні дагавораў і пагадненняў, што заключаюцца з інш. прадпрыемствамі і ўстановамі; інфармаванне рабочых і служачых аб бягучым заканадаўстве і аказанне ім прававой дапамогі; вядзенне ў судах спраў, па якіх арг-цыя выступае ў якасці істца або адказчыка і да т.п.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ АСАЦЫЯ́ЦЫЯ САДЗЕ́ЙНІЧАННЯ ААН,
няўрадавая арг-цыя, член Сусветнай Федэрацыі Асацыяцый садзейнічання ААН. Засн. 17 арг-цыямі і ўстановамі Беларусі на ўстаноўчай канферэнцыі ў вер. 1989. Асн. мэты: развіццё і каардынацыя руху ў падтрымку ААН, інфармаванне грамадскасці пра яе дзейнасць, аб’яднанне намаганняў ва ўмацаванні даверу і дружбы паміж народамі, ахова правоў чалавека. Падтрымлівае на няўрадавым узроўні знешнюю палітыку, міжнар.эканам. і сац. праграмы Рэспублікі Беларусь. Дзейнічае ў цеснай сувязі з Прадстаўніцтвам ААН у Рэспубліцы Беларусь. Вышэйшы орган — канферэнцыя, паміж канферэнцыямі Беларускай асацыяцыяй садзейнічання ААН кіруюць праўленне, прэзідыум і прэзідэнт. Штаб-кватэра ў Мінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ ТАВАРЫ́СТВА «ВЕ́ДЫ»,
грамадскае, навукова-асв. таварыства. Засн. 29.3.1948 у Мінску як рэсп. аддзяленне Усесаюзнага т-ва па пашырэнні паліт. і навук. ведаў; з 1963 т-ва «Веды» ў складзе Усесаюзнага т-ва «Веды». З 1991 сучасная назва. Чл.Міжнар. асацыяцыі «Веды» (з 1991). Аб’ядноўвае вучоных, выкладчыкаў, спецыялістаў, прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі. Мэта: садзейнічанне прафесійна-эканам., прававой, паліт., экалагічнай адукацыі насельніцтва Беларусі, развіццю духоўнай культуры, інфармаванне па пытаннях дэмакр. пераўтварэнняў, дзейнасці цэнтр. і мясц. органаў улады і кіравання. Праводзіць лекцыі, канферэнцыі, праблемныя «круглыя» сталы і інш. Працуюць курсы, школы прафесійнай падрыхтоўкі, лекторыі. Дзейнічаюць рэсп., абл., гар. і раённыя арг-цыі т-ва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«А́РМИЯ»,
часопіс Узбр. Сіл Рэспублікі Беларусь. Заснавальнік — Мін-ва абароны Рэспублікі Беларусь. Выходзіць у Мінску з мая 1996 на бел. і рус. мовах 1 раз у 2 месяцы. Тыраж 3 тыс.экз. Распаўсюджваецца па падпісцы і ў розніцу. Мэтай часопіса з’яўляецца інфармаванне ваеннаслужачых і шырокага кола чытацкай аўдыторыі, выяўленне і фарміраванне грамадскага погляду па ўсім спектры грамадскага жыцця, нац. бяспекі і абарончых пытаннях. Асн. тэмы выдання: асвятленне пытанняў ваен. палітыкі, рэфармавання Узбр. Сіл Рэспублікі Беларусь, жыцця войск, ваен. гісторыі Айчыны, патрыятычнага выхавання моладзі, а таксама замежныя ваен. навіны і інш. З мая 2002 выдаецца ваен.-тэарэт. дадатак да часопіса «Навука і ваенная бяспека» (першыя 2 нумары выйшлі да вер. 2002 пад назвай «Армія і сучаснасць»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУХГА́ЛТАРСКІ ЎЛІК,
сістэма суцэльнага і безупыннага дакументальнага адлюстравання ў грашовай форме інфармацыі аб кругаабароце капіталу ў працэсе гасп. дзейнасці прадпрыемства, установы, арг-цыі і інш.юрыд. асоб; адзін з відаў гасп. ўліку, важная функцыя ў кіраванні вытворчасцю. Ажыццяўляецца ў адпаведнасці з заканадаўствам і нац. стандартамі рахункаводства ўсімі юрыд. асобамі незалежна ад іх арганізацыйна-прававога статуса і формаў уласнасці з моманту ўтварэння і да ліквідацыі. Фіз. асобы (прадпрымальнікі) вядуць улік і даюць фін. справаздачу ў адпаведнасці з патрабаваннямі падатковага заканадаўства. Бухгалтарскі ўлік выконвае 2 асн. функцыі — інфармацыйную (своечасовае, поўнае і аб’ектыўнае інфармаванне службы кіравання пра ход і вынікі гаспадарання) і кантрольную (кантроль за захаванасцю маёмасці прадпрыемства, рацыянальным і эфектыўным выкарыстаннем яго сродкаў, адпаведнасцю гасп. аперацый заканадаўству, статуту прадпрыемства і інш. прававым дакументам). Аб’екты бухгалтарскага ўліку: сродкі прадпрыемства (актывы), крыніцы фінансавання (пасівы), гасп. аперацыі і працэсы, у выніку якіх адбываецца рух (кругаабарот) капіталу. Для адлюстравання гэтага бухгалтарскі ўлік выкарыстоўвае натуральныя (колькасныя) і грашовыя вымяральнікі; з дапамогай апошніх дасягаецца абагульняльная характарыстыка разнародных аб’ектаў у грашовавартасным выражэнні. На кожную асобную гасп. аперацыю (ці іх аднародную групу) складаецца дакумент — носьбіт інфармацыі (афіцыйны бланк пэўнай формы). Каб забяспечыць аб’ектыўнасць і дакладнасць інфармацыі, дакументацыю дапаўняюць інвентарызацыяй. Дакументальна аформленыя гасп. аперацыі і вынікі інвентарызацый адлюстроўваюць на рахунках — спец. двухбаковых табліцах, дзе левая частка — дэбет, правая — крэдыт. Кожную гасп. аперацыю запісваюць у аднолькавай суме ў дэбет аднаго і крэдыт другога рахунка (спосаб двайнога запісу). Узаемасувязь паміж рахункамі наз. карэспандэнцыяй, для адлюстравання якой складаецца ўраўненне гасп. аперацыі, ці праводка, дзе ўказваецца сума, якая адносіцца ў дэбет і крэдыт. Рахункі бухгалтарскага ўліку бываюць актыўныя (улічваюць гасп. сродкі: па дэбеце — паступленне, ці павелічэнне, па крэдыце — іх выбыццё, ці памяншэнне; маюць толькі дэбетавае сальда), пасіўныя (улік крыніц фінансавання сродкаў: астатак і павелічэнне запісваюцца ў крэдыт, памяншэнне — у дэбет) і аперацыйныя (улічваюць асн.гасп. працэсы і фін. вынікі). Адрозніваюць таксама рахункі сінтэтычныя (агульны ўлік гасп. аб’ектаў па аднародных групах толькі ў грашовым выражэнні) і аналітычныя (дэталізуюць змест сінтэтычных рахункаў па асобных відах сродкаў і крыніц фінансавання ў вартасным і ў колькасным выражэнні). Адпаведна бываюць аналітычны ўлік і сінтэтычны ўлік, на аснове звестак якіх складаюцца бухгалтарскі баланс (гл. ў арт.Баланс у эканоміцы) і інш. формы справаздачнасці.
Існуюць розныя формы бухгалтарскага ўліку: журнальна-ордэрная, мемарыяльна-ордэрная, аўтаматызаваная, спрошчаная (гл.Рахункі бухгалтарскага ўліку). Выбар формы бухгалтарскага ўліку залежыць ад узроўню яго аўтаматызацыі і цэнтралізацыі, памераў прадпрыемства і інш. Адказнасць за арганізацыю бухгалтарскага ўліку, стварэнне ўмоў для правільнага яго вядзення, захоўвання бухгалтарскіх дакументаў, уліковых рэгістраў і справаздачнасці нясе кіраўнік прадпрыемства (установы). Узначальвае службу бухгалтарскага ўліку гал. бухгалтар ці асоба, якая яго замяняе. Метадалагічнае кіраванне сістэмай бухгалтарскага ўліку на Беларусі ажыццяўляе Мін-ва фінансаў (зацвярджае тыповы план рахункаў, нац. стандарты ўліку, справаздачнасці і інструкцыі па іх выкарыстанні). Асн. нарматыўны дакумент, які рэгулюе арганізацыю і метадалогію бухгалтарскага ўліку, — закон Рэспублікі Беларусь «Аб бухгалтарскім уліку і справаздачнасці» (1994).