Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАДЗЬ ((Nagy) Імрэ) (7.6.1896, г. Капашвар, Венгрыя — 16.6.1958),
венгерскі паліт. і дзярж. дзеяч. У 1-ю сусв. вайну трапіў у рас. палон (1916), уступіў у партыю бальшавікоў (1917). У 1921—28 у венг.сял. руху. З 1930 у СССР. У 1944—45 міністр сельскай гаспадаркі Венгрыі, правёў зямельную рэформу (бязвыплатнае адчужэнне буйнога землеўладання). З канца 1940-х г. адзін з лідэраў кіруючай Венг. партыі працоўных (ВПП), узначальваў парт. апазіцыю курсу групоўкі 1-га сакратара ЦК ВПП М.Ракашы. У 1953—55 і ў час Венг. паўстання 1956 (гл. раздзел Гісторыя ў арт.Венгрыя) прэм’ер-міністр. Пасля паражэння паўстання вывезены ў Румынію, у 1958 вернуты ў Венгрыю, асуджаны на закрытым працэсе і пакараны смерцю. У 1989 рэабілітаваны, перапахаваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ЛЬМАН ((Kálmán) Імрэ) (Эмерых; 24.10.1882, г. Шыяфак, Венгрыя — 30.10.1953),
венгерскі кампазітар, адзін з заснавальнікаў і найб. відных прадстаўнікоў т.зв. новай венскай аперэты.
Вучыўся ў Акадэміі музыкі, адначасова вывучаў права ва ун-це ў Будапешце. З 1911 жыў у Вене, з 1938 у Швейцарыі, з 1940 у ЗША, з 1948 у Францыі. Лепшыя яго аперэты пастаўлены ў Вене: «Цыган прэм’ер» (1912), «Каралева чардаша» («Сільва», 1915) — адна з вяршынь творчасці К., «Баядэра» (1921), «Графіня Марыца» (1924), «Прынцэса цырка» і «Фіялка Манмартра» (1930), «Д’ябальскі наезнік» (1932; у розныя гады ўсе паст. ў Дзярж. т-ры муз. камедыі Беларусі). Ім уласцівы разгорнутая драматургія, вастрыня сюжэтных сітуацый, яркая запамінальная меладыйнасць, эфектная аркестроўка; у многіх з іх прыкметны ўплыў вербункаша. Сярод інш. твораў: аперэты «Асеннія манеўры» (1908), «Салдат у адпачынку» (1910), «Маленькі кароль» (1912), «Залаты світанак» (1927), «Імператрыца Жазефіна» (1936), «Марынка» (1945); сімф. паэма «Сатурналіі» (1904); інстр. п’есы; рамансы; музыка для т-ра і кіно. Аўтар мемуараў.
Літ.:
Имре Кальман: Сб. статей и воспоминаний: Пер. с нем. М., 1980.