ЧАС ДЗЕЯСЛО́ВА,

словазменная катэгорыя, якая абазначае адносіны дзеяння да моманту размовы. У сучаснай бел. мове адрозніваюць 3 формы Ч.дз.: цяперашні, прошлы і будучы. Формы цяперашняга і будучага часу складаюць групу няпрошлых часоў, якая проціпастаўлена формам прошлага часу. Катэгорыя часу ўласціва толькі формам абвеснага ладу. Ч.дз. цесна звязаны з трываннем дзеяслова. дзеясловы незакончанага трывання маюць поўную парадыгму часавых форм (цяперашні, прошлы і будучы), дзеясловы закончанага трывання — толькі прошлы і будучы: «бегчы — бягу, бег, буду бегчы», «адбегчы — адбег, адбягу».

Цяперашні час абазначае дзеянне, якое адбываецца ў момант гутаркі, утвараецца ад асноў інфінітыва незакончанага трывання з дапамогай асабовых канчаткаў («чытаю — чытаеш — чытае — чытаем — чытаеце — чытаюць»). Прошлы час абазначае дзеянне, якое адбывалася ці адбылося да моманту гутаркі, утвараецца ад асноў інфінітыва закончанага ці незакончанага трывання з дапамогай суфікса «-л-(-ў)» і канчаткаў «-а», «-о», «-і» («чытаў — чытала — чыталі», «прыйшоў — прыйшла — прыйшло — прыйшлі») і мае 2 формы: простую, найб. пашыраную («нёс — несла — неслі»), і складаную, якая абазначае даўно мінулае дзеянне і ўтвараецца спалучэннем звязкі «быць» і дзеяслова ў прошлым часе («якраз тады прыехалі былі з горада сябры», «я быў нагледзеў харошы дубок»). Будучы час абазначае дзеянне, якое адбудзецца ці будзе адбывацца пасля моманту гутаркі. Мае 2 формы: простую, якая ўтвараецца ад асноў інфінітыва закончанага трывання пры дапамозе асабовых канчаткаў («прачытаю — прачытаеш — прачытае — прачытаем — прачытаеце — прачытаюць»), і складаную, якая ўтвараецца са звязкі «быць» і інфінітыва («буду чытаць», «будзем чытаць»).

У сістэме часоў дзеясловаў бел. мовы адбыліся прыкметныя змены. У агульнаўсх.-слав. мове адрознівалі 7 форм часу. Зніклі формы прошлага часу аорыст, імперфект, а на аснове перфекта і імперфекта ўтварыліся сучасныя формы прошлага часу. Простая форма будучага часу захавалася. Складаныя формы, утвораныя спалучэннем інфінітыва і дапаможных дзеясловаў «начьну», «почьну», «хочу», а таксама далучэннем дапаможнага дзеяслова «буду» да дзеепрыметніка на «-ль» («буду робилъ»), перасталі ўжывацца. Замацавалася форма будучага складанага часу з дапаможным дзеясловам «буду» і інфінітывам. На аснове даўнейшай складанай формы з дапаможным дзеясловам «иму» («иму робити», «иму носити») утварыліся дзеясловы тыпу «рабіцьму», «насіцьму», пашыраныя ў паўд. бел. гаворках.

Літ.:

Шуба П.П. Сучасная беларуская мова: Марфаналогія. Марфалогія. Мн., 1987;

Янкоўскі Ф.М. Гістарычная граматыка беларускай мовы. 3 выд. Мн., 1989.

Я.​М.​Адамовіч.

т. 17, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРФЕ́КТ (ад лац. perfectus закончаны),

складаная дзеяслоўная форма прошлага часу індаеўрапейскіх моў, існуе і цяпер у некат. слав. мовах. У стараж.-рус. мове ўтвараўся спалучэннем дапаможнага дзеяслова «быти» ў формах цяперашняга часу з актыўным дзеепрыметнікам прошлага часу на «-л», які змяняўся па родах і ліках. Абазначаў дзеянне або стан, вынікі якога захоўваюцца ў момант гутаркі: «азъ есмь пришелъ — я прыйшоў» (і цяпер знаходжуся тут). У бел. мове з развіццём трывальных адрозненняў у дзеяслова П. выцесніў з ужытку аорыст і імперфект, увабраў у сябе іх значэнні і стаў асн. формай для выражэння ўсіх адценняў мінулага дзеяння. Паступова страціў дапаможны дзеяслоў, дзеепрыметнік на «-л» увайшоў у парадыгму дзеяслова, пачаў успрымацца як форма прошлага часу, суадносная з формамі цяперашняга і будучага часу: «пішу — буду пісаць — пісаў». Канцавое «-л» у формах мужч. роду адз. л. ў вымаўленні змянілася на «ў»: «былъ — быў», «далъ — даў». На пісьме гэта з’ява адлюстравалася толькі ў 19 ст.

А.​І.​Жураўскі.

т. 12, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАРАСЛАВЯ́НСКАЯ МО́ВА,

самая старажытная літаратурна-пісьмовая мова славян. Належыць да паўд.-слав. падгрупы славянскіх моў. Зафіксавана ў помніках 10—11 ст., што працягвалі літ. традыцыю перакладзеных у 9 ст. з грэч. мовы асветнікамі Кірылам і Мяфодзіем і іх вучнямі хрысц. царк. кніг. У аснове С.м. — паўд.-македонскі (салунскі) дыялект стараж.-балг. мовы. Мае шмат агульнага з праславянскай мовай. С.м. зрабіла ўплыў на рускую мову, асабліва на яе сінтаксіс і лексіку. На беларускую мову ўплывала ў стараж. перыяд. Зберагліся спісы кірыла-мяфодзьеўскіх перакладаў 10—11 ст., напісаныя глаголіцай («Кіеўскія лісткі», Зографскае, Марыінскае і Асеманіева евангеллі, «Зборнік Клоца», «Сінайскі псалтыр», «Сінайскі трэбнік») і кірыліцай («Савіна кніга», Супрасльскі рукапіс, Астрамірава евангелле, Енінскі апостал, Тураўскае евангелле і інш.).

Фанетыцы С.м. ўласцівы галосны «ě» (ѣ), насавыя галосныя «э» (ѧ), «е» (ѩ), «о» (ѫ), «ё» (ѭ), рэдукаваныя «ъ», «ь»; зычныя — складовыя «р» і «л», цвёрдыя «г», «к», «х» і мяккія «ж», «ч», «ц», «j», «дз» (s), «жд», «шт» (щ), няпоўнагалоссе, «ра», «ла» ў пачатку слова. Граматыцы С.м. ўласцівы адзіночны, парны і мн. л., 7 склонаў, у т. л. клічны, 6 скланенняў (у помніках 11 ст. намецілася іх перабудова ў скланенні па родах), дваякія формы асабовых і зваротнага займеннікаў у давальным і вінавальным склонах, 4 формы прошлага часу дзеясловаў (аорыст, імперфект, перфект, плюсквамперфект), іменная форма дзеяслова супін для ўказання на мэту дзеяння, свабодны парадак слоў, назоўны склон іменнай часткі выказніка, канструкцыі з двайнымі склонамі ў ролі дапаўнення, непаўтарэнне адмоўя пры выказніку. У лексіцы С.м. шмат кніжна-абстрактных слоў грэч., менш лац. і ням. паходжання. З 11 ст. ў кожнага слав. народа С.м. пачала выступаць у мясц. рэдакцыях, якія прынята называць царкоўнаславянскай мовай.

Літ.:

Ван-Вейк Н. История старославянского языка: Пер. с нем. М., 1957;

Кривчик В.Ф., Можейко Н.С. Старославянский язык. Мн., 1970;

Жуковская Л.П. Текстология и язык древнейших славянских памятников. М., 1976.

У.​М.​Свяжынскі.

т. 15, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)