ІЛЬІНО́Ў (Анатоль Уладзіміравіч) (н. 30.12.1935, г. Віцебск),
бел. графік. Скончыў Маскоўскі паліграф. ін-т (1965). Тэматыка твораў — пейзажы Беларусі. Працуе ў тэхніках лінарыту (серыі «Веснавыя паводкі», 1973; «Лепельшчына», 1975; «Поры года», 1978; «Бярэзінскі запаведнік», 1980; «Песні палёў», 1982; «Мой горад», 1983; «Зімовыя карункі», 1985; «Мой родны кут», 1993; асобныя аркушы: «Жыта каласуе», 1970; «Месячная ноч», 1974; «Калядная ноч», 1990, «Вечнасць» і «Восеньская мелодыя», абодва 1995), акварэлі. Выразная графічная мова твораў прасякнута лірызмам і эмацыянальным светаўспрыманнем.
В.В.Шамшур.
т. 7, с. 200
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІНАГРАВЮ́РА, лінарыт,
пукатая гравюра на лінолеуме або падобных да яго палімерна-пластычных матэрыялах; адна з тэхнік эстампа. Паводле тэхнікі і маст. сродкаў блізкая да тарцовага дрэварыту. Узнікла ў пач. 20 ст. Спецыфічныя якасці Л. (лаканізм маст. мовы, рэзкія кантрасты чорнага і белага, сакавіты і маляўнічы штрых, які атрымліваецца дзякуючы мяккасці матэрыялу, магчымасць выкарыстоўваць вял. памер аркуша і каляровы друк, высокая тыражнасць) і параўнаўчая прастата выканання абумовілі яе вял. пашырэнне. У тэхніцы Л. працавалі А.Матыс, П.Пікасо (Францыя), Ф.Мазерэль (Бельгія), П.Нільсен (Данія), Э.Пакард, Б.Рэндал (ЗША), Л.Мендэс (Мексіка), Дз.Мітрохін, У.Фаворскі (Расія) і інш. У бел. мастацтве развіваецца з 1920-х г. (А.Астаповіч, І.Гембіцкі, Г.Змудзінскі, М.Тарасікаў, А.Тычына, С.Юдовін, мастакі Зах. Беларусі Я.Горыд, Я.Драздовіч, П.Сергіевіч, М.Сеўрук). Сярод бел. майстроў 1950—90-х г. Л.Асецкі, М.Басалыга, Я.Бусел, П.Герасімовіч, С.Герус, М.Гуціеў, А.Ільіноў, А.Кашкурэвіч, Я.Кулік, М.Купава, Ю.Кухараў, Г.Лойка, А.Лось, М.Макаранка, Р.Маліноўскі, В.Мікіта, А.Паслядовіч, С.Раманаў, У.Садзін, В.Ткачук, Ю.Тышкевіч, У.Хмызнякоў, В.Шаранговіч і інш.
В.Я.Буйвал.
т. 9, с. 263
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)