ІЗБО́РСК,

старажытны горад Русі (цяпер с. Стары Ізборск у Пячорскім р-не Пскоўскай вобл.). Упершыню згадваецца пад 862. Паводле легенды, у І. пасяліўся Трувор (адсюль назва першага стараж. паселішча — Труворава гарадзішча, што ўзнікла ў 8 ст.). У 1313—1320-я г. неаднаразова асаджваўся крыжакамі. У 1329 крэпасць перанесена на т.зв. Жэраўю Гару, а ў канцы 14 — пач. 15 ст. вакол крэпасці фарміравалася новая гар. структура з пасадамі і могільнік. На думку некат. даследчыкаў, летапісны І. знаходзіўся ў сутоках рэк Пскава і Вялікая, дзе ў сярэдзіне 11 ст. быў знішчаны і потым адноўлены пад назваю Пскоў. Частка жыхароў зруйнаванага горада пасялілася на Труворавым гарадзішчы, якое з таго часу пачалі называць І.

А.​В.​Іоў.

Да арт. Ізборск. Сцяна Ізборскай крэпасці з вежамі. 14 ст.

т. 7, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПСКО́ЎСКАЯ ШКО́ЛА ДО́ЙЛІДСТВА,

адна з мясц. школ стараж.-рус. дойлідства. Склалася ў 13—17 ст. у г. Пскоў і яго ўладаннях. Знайшла ўвасабленне ў абарончым, культавым і грамадз. буд-ве. Адна з першых пабудоў — абарончыя ўмацаванні Пскоўскага крамля. Да помнікаў абарончага дойлідства належаць крэпасць Ізборск пад Псковам (14 ст.) і ўмацаванні Пскова-Пячорскага манастыра. Першыя храмы не мелі адметных рысаў, іх будавалі з плінфы і каменю ў традыцыях Наўгародскай школы дойлідства (саборы Спаса-Праабражэнскі Міражскага манастыра, Іаана-Прадцечанскі Іванаўскага манастыра). Як самаст. школа выявілася ў 14 ст. Для яе характэрна 1-купальная, 3-апсідная кубічная кампазіцыя храма; пашыраны і бесслуповыя цэрквы з сістэмай ступеньчатых скляпенняў. Звычайна плоскія пабеленыя сцены падзяляліся плоскімі лапаткамі на 3 часткі з паўкруглымі аркамі ў завяршэнні (царква Успення ў Мялётаве, 1463). Адметнасць П.ш.д. — увядзенне ў кампазіцыю храмавага комплексу прытвораў, прыдзелаў, галерэй, шматпралётных званіц: цэрквы Васіля на Горцы (1413), Міколы на Усосе (1535), Новаўзнясенская (16—17 ст.). У 16—17 ст. у Пскове будавалі вял., на некалькі паверхаў, купецкія дамы з таўшчынёй сцен да 2 м. Унутры сцен размяшчалі лесвіцы, міжпаверхавыя пераходы, нішы, тайнікі. Аконныя праёмы мелі выгляд крапасных амбразур, зачыняліся каванымі аканіцамі і кратамі. Фасады звычайна не аздаблялі. З боку двара ставілі характэрны пскоўскі ганак на шырокіх стойках з аркамі (палаты Паганкіных, да 1645).

Літ.:

Спегальский Ю.П. Псков. [2 изд. Л., 1978];

Древний Псков;

История, искусство, археология: Новые исслед. М., 1988.

Г.​А.​Лаўрэцкі.

Пскоўская школа дойлідства. Царква Васіля на Горны ў Пскове. 1413.

т. 13, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯДО́ВАЕ ПАБО́ІШЧА 1242,

бітва паміж наўгародскім войскам і рыцарамі ням. Лівонскага ордэна на лёдзе Чудскога воз. 11 красавіка. Выкарыстаўшы аслабленне Русі з-за мангола-тат. нашэсця хана Батыя, ням. крыжакі, дацкія і шведскія феадалы ўзмацнілі націск на паўн.-зах. землі суседзяў. Шведы былі разгромлены ў вусці р. Нява (гл. Неўская бітва 1240); у гэтым жа годзе крыжакі захапілі Ізборск і Пскоў. На землях племя водзь (Водская пяціна) яны пабудавалі крэпасць Капор’е, адкуль рабілі набегі на Наўгародчыну. У 1241 наўгародскі кн. Аляксандр Неўскі, сабраўшы войска з наўгародцаў, ладажан, іжорцаў і карэлаў, выбіў лівонцаў з Капор’я і зруйнаваў крэпасць; потым штурмам узяў Пскоў, адкуль рушыў на землі ордэна. Крыжакі выступілі насустрач з раёна Дэрпцкага біскупства. Частка іх войска накіравалася да Ізборска, асн. сілы — да Пскоўскага возера. Даведаўшыся пра напрамкі руху рыцараў, Аляксандр Неўскі павярнуў сваё войска да Узмені (самае вузкае месца, дзе злучаюцца Чудское і Пскоўскае азёры) і размясціўся насупраць в. Варонін Камень. Умела выкарыстоўваючы мясцовасць і колькасную перавагу (наўгародскае войска налічвала 15—17 тыс. чал.) і ведаючы тактыку лівонцаў (наступленне «клінам» або т.зв. «свіннёй»), кн. Аляксандр Неўскі б. ч. сваіх сіл паставіў на флангах, княжацкую дружыну схаваў у засадзе. Рыцарскае войска (10—12 тыс. чал.), узмоцненае атрадамі эстаў (чудзі), на досвітку 11 крас. прарвала цэнтр абароны наўгародцаў, дзе стаялі пешае апалчэнне і перадавы полк. Потым крыжакі ўступілі ў схватку з добра ўзброенай пяхотай і конніцай, што размяшчаліся на флангах. Пазбаўленыя магчымасці манеўра, яны не змаглі развіць поспех. Удар засаднай княжацкай дружыны спрыяў канчатковаму акружэнню рыцараў і разгрому іх. Л.п. — адна з выдатных бітваў сярэдневякоўя, якая ў значнай меры прыпыніла экспансію крыжакоў на У (гл. Крыжовыя паходы супраць славян і балтаў у 12—15 ст.).

т. 9, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)