Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗАТО́ПНЫЯ ІНДЫКА́ТАРЫ, мечаныя атамы,
рэчывы, якія маюць адрозны ад прыроднага ізатопны склад. Выкарыстоўваюцца ў якасці адзнакі («меткі») у фізіцы, хіміі, біялогіі, медыцыне, металургіі і інш. пры вывучэнні розных працэсаў (у т. л. ў жывых арганізмах).
Метад І.і. заснаваны на блізкасці фіз.-хім. уласцівасцей розных ізатопаў аднаго і таго ж хім. элемента. Прапанаваны ў 1913 венг. радыехімікам Дз.Хевешы і ням. хімікам Ф.Панетам. У якасці ізатопнай «меткі» звычайна выкарыстоўваюць радыеактыўныя ізатопы (напр., вуглярод-14, фосфар-32, жалеза-59, кобальт-60, ёд-131), якія можна лёгка выявіць і вымераць колькасна з дапамогай дэтэктараў ядзерных выпрамяненняў. Стабільныя І.і. выяўляюцца метадамі мас-спектраскапіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Мечаныя атамы, гл.Ізатопныя індыкатары
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ЧАНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ,
хімічныя злучэнні, у малекулах якіх ёсць стабільныя ці радыеактыўныя ізатопы, што выкарыстоўваюцца як ізатопныя індыкатары. Атрымліваюць хім. сінтэзам і біясінтэзам (адзін з зыходных рэагентаў мае радыеактыўныя ізатопы), ізатопным абменам і некаторымі інш.спец. метадамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗАТО́ПНЫ АБМЕ́Н,
працэс пераразмеркавання ізатопаў якога-н. элемента паміж рэчывамі ў час хім. рэакцый. Напр., калі хлорысты вадарод, абагачаны цяжкім ізатопам хлору, змяшаць з хлорам прыроднага ізатопнага саставу, то ў выніку І.а. хлор абагаціцца цяжкім ізатопам, а хлорысты вадарод збедніцца ім. Выкарыстоўваецца ў хім. даследаваннях для вывучэння элементарных стадый хім. працэсаў (гл.Ізатопныя індыкатары), для канцэнтравання патрэбнага ізатопу і інш.
Пры І.а. адбываецца замена аднаго ізатопу хім. элемента на іншы яго ізатоп у малекулах дадзенага рэчыва з захаваннем іх элементарнага саставу. Рэакцыі І.а. могуць ісці ў гамагенным (напр., у растворы паміж раствораным рэчывам і растваральнікам, у сумесі газаў) і гетэрагенным (напр., паміж цвёрдым ці вадкім рэчывам і нерастваральным газам) асяроддзі. Скорасць працякання І.а. вызначаецца механізмам рэакцый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДЫКА́ТАР (ад лац. indicator паказальнік),
прылада (прыстасаванне, элемент) для паказу параметраў працэсаў або станаў аб’ектаў у форме, зручнай для непасрэднага ўспрымання. Бываюць сігнальныя і вымяральныя, візуальныя, акустычныя, тактыльныя і І. пахаў.
Сігнальныя І. — лямпачкі, святлодыёды. званкі, рычагі, мех. паказальнікі і інш. Стрэлачныя І. гэтага тыпу маюць спрошчаныя шкалы, на якіх адзначаюцца толькі вобласці нармальных і небяспечных значэнняў кантралюемых параметраў. Вымяральныя І. адлюстроўваюць колькасныя паказчыкі працэсаў і станаў аб’ектаў (стрэлачныя і лічбавыя І. вымяральных прылад). Найб. пашыраны візуальныя І. — газаразрадныя індыкатары, сігнальныя лямпачкі, святлодыёды, стрэлачныя і лічбавыя прыстасаванні, электронна-прамянёвыя трубкі (ЭПТ), прыстасаванні адлюстравання на вадкіх крышталях і інш. Дасканалыя І. персанальных ЭВМ — дысплеі, маніторы, экраны; забяспечваюць большую нагляднасць, інфармацыйную насычанасць, разнастайнасць форм адлюстравання (чорна-белыя і каляровыя; графікі, сімвалы, відарысы аб’ектаў, сродкі мультымедыя і інш.); здольныя імітаваць «эфект прысутнасці» аператара ў пэўных абставінах (напр., пры рабоце камп’ютэрных трэнажораў па пілатаванні самалётаў). Мнеманічныя экраны (са святлівымі элементамі, якія адпавядаюць агрэгатам або вузлам прамысл. устаноўкі) пад кіраваннем камп’ютэра інфармуюць аператара пра стан аб’екта (гл.Мнеманічная схема). На аснове ЭПТ і дысплеяў пабудаваны індыкатарныя устройствы радыё- і гідралакацыйных станцый. Акустычныя І. — званкі, сірэны, равуны, трашчоткі і інш.; выкарыстоўваюцца пры немагчымасці або немэтазгоднасці ўжывання візуальных І., а таксама для разгрузкі зрокавага ўспрымання назіральніка ці павышэння надзейнасці ўспрымання візуальных сігналаў. Тактыльныя І. ўздзейнічаюць на органы дотыку, выкарыстоўваюцца звычайна разам з візуальнымі і акустычнымі, калі неабходна хуткая рэакцыя назіральніка або калі інш. І. немэтазгодныя (напр., вібрацыйныя прыстасаванні выкліку абанента ў пэйджэрах). Гл. таксама Ізатопныя індыкатары, Індыкатары хімічныя.
Літ.:
Пул Г. Основные методы и системы индикации: Пер. с англ.Л., 1969;
Чачко А.Г. Человек за пультом. М., 1974.
В.І.Вараб’ёў.
Да арт.Індыкатар: 1 — прылада сляпой пасадкі, якая стварае эфект прысутнасці; 2 — індыкатар пэйджэра; 3 — адлюстраванне рэхасігналаў ад касяка рыбы і іншых аб’ектаў на экране гідралакатара; 4 — вымяральны індыкатар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЕАКТЫ́ЎНАСЦЬ (ад радые... + лац. activus дзейны),
уласцівасць некаторых атамных ядраў самаадвольна мяняць свой састаў (зарад Z, масавы лік А) у выніку вылучэння элементарных часціц ці фрагментаў ядраў (лёгкія ядры, асколкі дзялення), а таксама жорсткага электрамагн. выпрамянення (гама-выпрамянення); самаадвольнае ператварэнне нестабільных атамных ядраў у інш. ядры (стабільныя або радыеактыўныя). Тэрмін «Р.» выкарыстоўваецца толькі ў адносінах да ядраў, што радыеактыўныя ў асн. стане; пры дастаткова высокіх энергіях узбуджэння стабільныя ядры таксама становяцца радыеактыўнымі. Некаторыя радыеактыўныя нукліды існуюць у прыродзе (гл.Радыеактыўныя рады), але большасць радыенуклідаў атрымана штучна (гл.Ядзерныя рэакцыі), што і вызначае межы (па A і Z) іх існавання. Натуральную Р. (Р. прыродных ізатопаў) адкрыў у 1896 А.А.Бекерэль, штучную — у 1934 адкрылі І. і Ф. Жаліо-Кюры.
Тыпы Р.: альфа-распад, бэта-распад, спантаннае дзяленне ядраў, пратонная, двухпратонная і двухнейтронная Р. (радыеактыўныя ядры пры распадзе вылучаюць, адпаведна, 1 ці 2 пратоны, 2 нейтроны), двухстадыйная Р. Паводле асн. закону Р. колькасць радыеактыўных ядраў N убывае з часам t: N(t) = N exp(−Xt), дзе N0 — зыходная колькасць ядраў, λ — пастаянная распаду, значэнне якой звязана з перыядам паўраспаду Τ1/2: λΤ1/2 = ln2. Скорасць распаду ядраў практычна для ўсіх тыпаў Р. пры змене знешніх умоў (т-ра, ціск і інш.) не мяняецца. Колькасная характарыстыка Р. — актыўнасць — колькасць радыеактыўных распадаў за адзінку часу. Адзінка актыўнасці ў СІ — бекерэль (Бк); карыстаюцца таксама вытворнымі адзінкамі — удзельная (Бк/кг), малярная (Бк/моль), аб’ёмная (Бк/м1) і паверхневая актыўнасць (Бк/м²). Выкарыстоўваюць Р. у ядзернай энергетыцы і вытв-сці ядз. зброі, у сельскай гаспадарцы, біялогіі, медыцыне (гл.Ізатопныя індыкатары. Прамянёвая тэрапія), тэхніцы (метады неразбуральнага кантролю) і інш.
Літ.:
Альфа-, бета- и гамма-спектроскопия: Пер. с англ.Вып. 1—4. М., 1969;
Учение о радиоактивности: История и современность. М., 1973.