Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ІВЯНЕ́ЦКІ РАЁН,
адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1940—62. Створаны 15.1.1940 у Баранавіцкай вобл. Цэнтр — г.п.Івянец. Падзяляўся на 15 сельсаветаў. У Вял.Айч. вайну на тэр. раёна ўтворана Івянецка-Налібоцкая партызанская зона. З 8.1.1954 раён у Маладзечанскай, з 20.10.1960 — у Мінскай абл. 17.4.1962 раён скасаваны, яго тэрыторыя перададзена Валожынскаму і Стаўбцоўскаму р-нам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВЯНЕ́ЦКІ АЛЯКСЕ́ЕЎСКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры неаготыкі. Пабудаваны ў 1905—07 на могілках у г.п. Івянец Валожынскага р-на Мінскай вобл. па фундацыі ген. Э.Каверскага. Цагляны аднанефавы храм з пяціграннай апсідай і квадратнымі сакрысціямі. На гал. фасадзе выступае 2-ярусная 4-гранная шатровая званіца. Над апсідай чатырохгранная шатровая вежа-ліхтар. Прастора нефа перакрыта стральчатымі нервюрнымі скляпеннямі на падпружных арках, упрыгожанымі паліхромнай арнаментальнай размалёўкай. Перад касцёлам 3-арачная мураваная брама.
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ІВЯНЕ́ЦКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР ФРАНЦЫСКА́НЦАЎ,
помнік архітэктуры сталага барока. Пабудаваны ў 1702—05 у г.п. Івянец Валожынскага р-на Мінскай вобл. пад кіраўніцтвам мясц. майстра манаха А.Чаховіча, па фундацыі мінскага стольніка Т.Ваньковіча, рэстаўрыраваўся ў 1856—60 (арх. В.Бяляўскі, мастак Я.Кураткевіч) і ў 1980—90-я г. (арх.І.Маскалёў). Комплекс складаецца з касцёла, кляштара і брамы. У 1880—85 касцёл перабудаваны пад правасл. царкву. Касцёл — мураваная трохнефавая крыжовая базіліка з 3-вежавым гал. фасадам, які багата аздоблены ордэрнай пластыкай і лепкай. Да яго зах. боку прымыкае Г-падобны ў плане мураваны 2—3-павярховы будынак кляштара. Па восі касцёла размешчана брама, якая з’яўляецца арх.-маст. акцэнтам агароджы кляштара. Уяўляе сабой кампазіцыю з 4 руставаных слупоў з арачным лучковым праёмам, завершаным крывалінейным франтонам. З усх. боку сцяны захавалася васьмігранная вежа.