Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫКО́ЎСКІ Іаан
(царк. Іаіль; 1707, Мінскае ваяв. — жн. 1798),
бібліяфіл, царк. дзеяч. Меў шырокую свецкую і царк. адукацыю. Працаваў на Міншчыне, Чарнігаўшчыне, дзе вывучаў гісторыю Кіеўскай Русі. Ведаў шмат моў. У 1776—87 архімандрыт Спаса-Яраслаўскага манастыра, рэктар духоўнай семінарыі ў Яраслаўлі. Сабраў каштоўную б-ку. У ліку манускрыптаў меў «Слова пра паход Ігаравы», які прадаў А.І.Мусіну-Пушкіну. Некаторыя даследчыкі прыпісваюць Быкоўскаму магчымае аўтарства «Слова...». Аўтар кнігі-трактата пра ісціну (1787).
Літ.:
Моисеева Г.Н. Спасо-Ярославский хронограф и «Слово о полку Игореве». 2 изд. Л., 1984;
Каханоўскі Г.А. Адчыніся, таямніца часу: Гіст.-літ. нарысы. Мн., 1984.
Г.А.Каханоўскі.
т. 3, с. 372
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЙНІ́ЦКІ СВЯТАДУ́ХАЎСКІ МАНАСТЫ́Р.
Існаваў у 1633—1918 каля мяст. Буйнічы пад Магілёвам на правым беразе Дняпра. Засн. як мужчынскі манастыр Багданам Статкевічам і яго жонкай Аленай (Саламярэцкай). Паводле статутных правіл арыентаваўся на Віленскі манастыр св. Духа. Належаў да групы правасл. манастыроў, пабудаваных з мэтай процідзеяння рашэнням Брэсцкай уніі 1596. Наглядаў за манастыром куцеінскі ігумен Іаіль Труцэвіч. Існуе шэраг каралеўскіх грамат у абарону манастыра ад замахаў суседзяў на валоданне зямельнай уласнасцю. За агітацыйныя дзеянні сярод насельніцтва на вернасць каралю Яну II Казіміру ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 буйніцкія манахі атрымалі прывілей на млын. У 1708 у час Паўночнай вайны 1700—21 манастыр цалкам разбураны шведамі, але хутка адбудаваны. З 1835 ператвораны ў жаночы, з 1896 пры ім працавала 2-класная жаночая школа, з 1891 — епархіяльны свечачны завод. У 1908 у манастыры 18 двароў, 118 насельнікаў. Будынкі не захаваліся.
А.А.Ярашэвіч.
т. 3, с. 322
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)