Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУК (Анатоль Аляксандравіч) (н. 20.5.1949, в.Ярэмічы Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1997). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1970). Працаваў у Магілёўскім абл. т-ры драмы і камедыі (Бабруйск). З 1975 у Т-ры юнага гледача Беларусі. Выконвае камедыйныя і вострахарактарныя ролі. Сярод іх: Важак («Бэмбі» паводле Ф.Зальтэна, прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1980), Каваль («Рыгорка — ясная зорка» А.Вярцінскага), Білі Бонс («Востраў скарбаў» паводле Р.Стывенсана), Заслонаў («Паядынак» М.Матукоўскага), Міканор («Подых навальніцы» паводле І.Мележа), Чалавек у чорным («Выбар» А.Дударава), Трыгорын («Чайка» А.Чэхава), Хорыя («Імем зямлі і сонца» І.Друцэ), Фабіян («Дванаццатая ноч» У.Шэкспіра). Здымаецца ў тэлепастаноўках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЭ́ЛІЦКІ РАЁННЫ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й «ЗЯМЛЯ́ І ЛЮ́ДЗІ».
Засн. ў 1970 у г.п. Карэлічы Гродзенскай вобл., адкрыты ў 1974. Пл. экспазіцыі 184 м², больш за 5 тыс. адзінак асн. фонду (1997). Сярод экспанатаў археал. знаходкі з раскопак г.п. Мір і Мірскага замка і інш. помнікаў раёна, скарб медных солідаў 17 ст., рукапісныя кнігі 18—20 ст., калекцыя рэчаў сял. побыту і дэкар.-прыкладнога мастацтва 19—20 ст.Вял. экспазіцыя прысвечана падзеям часоў Вял.Айч. вайны і партыз. руху на тэр. раёна. У экспазіцыі матэрыялы пра славутых землякоў Я.Брыля, І.Дамейку, А.Дзеркача, В.Іпатаву, Б.Кіта, спевака П.Конюха, Р.Тармолу, Я.Чачота і інш. Экспануюцца творы бел. жывапісцаў, графікаў, скульптараў. Філіял — музей Героя Сав. Саюза У.З.Царука ў в.Ярэмічы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫБАЛТЫ́ЙСКАЯ КУЛЬТУ́РА.
жуцаўская культура, археалагічная культура плямён бронзавага веку, якія ў 1-й пал. 2-га тыс. да н.э. жылі на ПнЗ Беларусі і ПдУ Прыбалтыкі. Насельніцтва займалася паляваннем, рыбалоўствам, збіральніцтвам, жывёлагадоўляй і земляробствам; карысталася крамянёвымі прыладамі працы і зброяй, вырабляла каменныя шліфаваныя сякеры лодкападобнай формы, свідраваныя матыкі. Жыло каля вадаёмаў у прамавугольных жытлах на слупах, з двухсхільным дахам. Унутры іх размяшчаліся адкрытыя агнішчы, выкладзеныя камянямі. Пахавальны абрад — трупапалажэнне ў ямах у скурчаным становішчы; пахаванні адзінкавыя і групавыя. З керамічных вырабаў найб. пашыранымі былі гаршкі з выразнай шыйкай і амфары, арнаментаваныя гарыз. шнуравымі адбіткамі, насечкамі, нарэзкамі, наколамі, наляпнымі гафрыраванымі каўнерыкамі-валікамі. Сустракаюцца ўпрыгожанні з зубоў жывёл, бурштыну, стылізаваныя фігуркі чалавека і інш.Найб. выразныя матэрыялы П.к. на бел. Панямонні выяўлены на стаянках Лічыцы, Ярэмічы, Русакова, у пахаваннях каля пас. Краснасельскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́РЫН-МАРАЗО́ЎСКІ (Міхаіл Іванавіч) (парт.псеўд.Стах, Ян; 19.11.1891, в.Ярэмічы Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. — 16.3.1928),
бел.паліт. дзеяч, удзельнік рэв. руху ў Зах. Беларусі. Скончыў Пскоўскі настаўніцкі ін-т (1912). У 1-ю сусв. вайну ў арміі, пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 у Чырв. Арміі. Вучыўся ў Акадэміі Генштаба. З 1920 у Беларусі, уваходзіў у Бел.камуніст. арг-цыю, якая ў жн. 1920 улілася ў КП(б)Б. З 1921 рэдактар газет «Белорусская деревня», «Савецкая Беларусь». З 1924 на падп. рабоце ў Зах. Беларусі. У 1924—25 чл.ЦККПЗБ. Падтрымліваў ініцыятыву падрыхтоўкі ўзбр. паўстання ў Зах. Беларусі з мэтай далучэння яе да БССР, выступаў за аб’яднанне Беларусі. Адзін з лідэраў групоўкі ў ЦККПЗБ (гл.Сэцэсія). За арганізацыю падп. друкарні ў Вільні зняволены польск. ўладамі ў беластоцкую турму. На працэсе 56-і над дзеячамі Бел. сялянска-работніцкай грамады ў якасці сведкі даў паказанні супраць Б.І.Тарашкевіча і С.А.Рак-Міхайлоўскага, якіх лічыў здраднікамі бел. справе. Аўтар успамінаў «З недалёкага мінулага» (1927). Кіраўніцтва КПП, КПЗБ і Камінтэрна абвясціла Гурына-Мазоўскага правакатарам, ён быў выключаны з партыі. Забіты С.А.Клінцэвічам у Вільні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЭ́ЛІЦКІ РАЁН.
На У Гродзенскай вобл. Утвораны 15.1.1940 як Валеўскі (з цэнтрам у в. Валеўка), з 25.11.1940 — Карэліцкі; 25.12.1962 скасаваны, 6.1.1965 адноўлены. Пл. 1,1 тыс.км². Нас. 31,7 тыс.чал. (1998), гарадскога 32,8%. Сярэдняя шчыльн. 29 чал. на 1 км². Цэнтр — г.п.Карэлічы; г.п.Мір, 159 сельскіх нас. пунктаў, Мірскі пасялковы Савет і 9 сельсаветаў: Варанчанскі, Жухавіцкі, Красненскі, Луцкі, Малюшыцкі, Райцаўскі, Турэцкі, Цырынскі, Ярэміцкі.
Пераважная частка раёна занята Нёманскай нізінай і Стаўбцоўскай раўнінай, на З ад р. Сэрвач — схілы Навагрудскага ўзвышша. Паверхня раўнінная і дробнаўзгорыстая. Пераважаюць вышыні 150—200 м, найвыш. пункт 261,7 м (каля в. Малюшычы). Карысныя выкапні: жал. ільменіт-магнетытавыя руды, мел, вапнякі, гліны, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі, торф. Сярэдняя т-растудз. -6,6 °C, ліп. 17,5 °C Ападкаў 695 мм за год. Вегет. перыяд 189 сут. Гал. рака Нёман, яго левыя прытокі Уша (з Міранкай) і Сэрвач (з Нёўдай і Рутай). Найб. пашыраны дзярнова-падзолістыя (61,6%) і тарфяна-балотныя (14,1%) глебы. Пад лесам 21% тэр. раёна (буйны масіў Графская пушча на крайнім ПнУ), пераважаюць хваёвыя, яловыя, бярозавыя і дубовыя лясы. Балоты займаюць 1,8% тэрыторыі, асушана 16 078 га. Найб. балотныя масівы Карэлічы (Галае балота), Зарэчча, Воўчае балота. Рэсп. гідралагічны заказнік Міранка. Помнікі прыроды: парк «Мір», каштан васьмітычынкавы ў в. Райца, геал. агаленне Цімошкавічы.
Агульная плошча с.-г. угоддзяў 73,8 тыс.га, з іх асушаных 15,4 тыс.га. На 1.1.1998 у раёне 12 калгасаў, племзавод «Карэлічы», птушкафабрыка «Чырвонаармейская», 11 фермерскіх гаспадарак. Мяса-малочная жывёлагадоўля (буйная раг. жывёла, свінагадоўля), ільнаводства, бульбаводства. Пасевы збожжавых і кармавых культур. Прадпрыемствы харчовай прам-сці (вытв-сць масла, сыру, мясных вырабаў, спірту), буд. матэрыялаў, ільнозавод. Па тэр. раёна праходзяць аўтадарогі Навагрудак—Карэлічы—Мір—Стоўбцы, Навагрудак—Нясвіж, Карэлічы—Малюшычы—Наваельня. У раёне 14 сярэдніх, 9 базавых, 9 пач., 4 муз., дзіцяча-юнацкая спарт. школы, 2 прафес.-тэхн. вуч., 17 дашкольных устаноў, 14 дамоў культуры, 25 клубаў, 42 б-кі, 5 бальніц, 24 фельч.-ак. пункты, 2 паліклінікі, 5 амбулаторый. Помнікі архітэктуры: палацава-замкавы комплекс (16—18 ст.) у г.п. Мір; Казанская царква (2-я пал. 19 ст.) у в. Беражна; будынак бровара (канец 18 ст.) і касцёл Ганны (1773) у в. Варонча; царква Ушэсця (пач. 19 ст.) у в.Вял. Мядзведка; Петрапаўлаўская царква (1745) у в.Вял. Жухавічы; Усясвяцкая царква (1935) у в. Дольная Рута; царква (канец 18 — пач. 19 ст.) у в. Заполле; сядзібны дом (2-я пал. 19 ст.) у в. Кальчычы; Успенская царква (пач. 20 ст.) у в. Любанічы; царква Іаана Прадцечы (19 ст.) у в. Мал. Жухавічы; Міхайлаўская царква (пач. 19 ст.) у в. Міратычы; сядзіба (канец 19 — пач. 20 ст.) у пас. Першамайскі; жылы і сядзібны дамы (19 ст.) у в. Райца; капліца (канец 19 ст.) у в. Сэрвач; Пакроўская царква (1888) у в. Турэц; капліца і царква Ушэсця (2-я пал. 19 ст.) у в.Ярэмічы. Выдаецца газ. «Полымя».