ЭСА́КІ (Esaki) Лео (н. 12.3.1925, г. Осака, Японія),
японскі фізік. Чл.Яп. акадэміі (1975), замежны чл.Нац.АН ЗША (1975), Рас.АН (1994) і інш. Скончыў Такійскі ун-т (1947). З 1960 у карпарацыі «Інтэрнэшанал бізнес мэшынс» (з 1976 кіраўнік яе яп. аддзялення). У 1992—98 прэзідэнт ун-та Цукуба, з 2000 прэзідэнт Тэхнал. ін-та Шыбаура ў Токіо. Навук. працы па фізіцы цвёрдага цела, паўправадніковай электроніцы, звышправоднасці. Адкрыў з’яву тунэлявання ў паўправадніках, стварыў першае квантава-электроннае прыстасаванне — тунэльны дыёд (1957). Упершыню атрымаў штучную перыяд. структуру ў сістэме паўправаднікоў — паўправадніковую звышрашотку (1969). Прадказаў і эксперыментальна пацвердзіў існаванне з’явы рэзананснага тунэлявання (1973), стварыў першы рэзанансны тунэльны дыёд (1974). Нобелеўская прэмія 1973 (з Б.Д.Джозефсанам і А.Джаеверам).
Тв.:
Рус.пер. — Молекулярно-лучевая эпитаксия и развитие технологии полупроводниковых сверхрешеток и структур с квантовыми ямами // Молекулярно-лучевая эпитаксия и гетероструктуры. М., 1989. С. 7—36.