Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ДЭРБЕРГ ((Widerberg) Бу) (н. 8.6.1930, г. Мальмё, Швецыя),
шведскі кінарэжысёр; адзін з пачынальнікаў т.зв. новага шведскага кіно. У фільмах «Дзіцячая каляска» (1962), «Варонін квартал», «Каханне, 65» (1965), «Прывітанне, Раланд!» (1966) цікавасць да сац. праблем, духоўнага свету пасляваен. пакалення, пошукі новай кінематаграфічнай формы. Сярод фільмаў: «Эльвіра Мадзіган» (1967), «Джо Хіл» (1971), «Змяіная сцежка» (1986), камедыя «Сапляк» (1974), дэтэктыў «Чалавек на даху». Аўтар кн. «Панарама шведскага кіно» (1962).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРАСІМО́ВІЧ (Эльвіра Пятроўна) (н. 5.6.1925, Мінск),
бел. дзеяч тэатр. мастацтва. Канд. мастацтвазнаўства (1956). Праф. (1977). Засл. дз. маст. Беларусі (1974). Скончыла Бел.тэатр.-маст.Ін-т (1949), дзе і выкладае (з 1984, у 1968 — 84 рэктар). У 1957—68 інструктар, заг. сектара ЦККПБ. Даследавала творчасць Бел.т-ра імя Я.Коласа перыяду 1926 — 41. Навук. працы па гісторыі сав.т-ра, акцёрскай і рэжысёрскай творчасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРТЫ́НАВА (Эльвіра Міхайлаўна) (н. 17.2.1923, г. Звянігародка Чаркаскай вобл., Украіна),
бел.літ.-знавец. Канд.філал.н. (1970). Скончыла Адэскі ун-т (1947), у 1949—60 працавала ў ім. У 1961—79 у Ін-це л-ры АН Беларусі. Даследуе праблемы сучаснага літ. працэсу, літ. ўзаемасувязей, маст. перакладу. Адзін з аўтараў кн. «Садружнасць літаратур» (1968), «Старонкі літаратурных сувязей» (1970), «Адзінства і ўзаемаўзбагачэнне» (1980).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНДРЫЁЛІ (Міхал Эльвіра) (26.11.1837, Вільня — 23.8.1893),
жывапісец, рысавальшчык, ілюстратар. Бацька выхадзец з Італіі. Вучыўся ў Віленскай гімназіі, у Маскоўскім вучылішчы жывапісу і ваяння (1855—57), Пецярбургскай АМ (1857—59), у акадэміі Св. Лукі ў Рыме (1860). У 1861 на Рымскай выстаўцы адзначаны сярэбраным медалём. Працуючы ў Вільні, быў звязаны з рэв. коламі, прымыкаў да «чырвоных». У 1863 на Віленшчыне і ў Коўне ўдзельнічаў у паўстанні 1863—64. У вер. 1863 арыштаваны, у студз. 1864 уцёк з ковенскай турмы за мяжу. Жыў у Лондане і Парыжы, стварыў шмат графічных работ пра падзеі 1863. Вярнуўся ў 1866 на радзіму, арыштаваны і сасланы ў Вятку, дзе стаў настаўнікам будучых рус. мастакоў В. і А.Васняцовых. З 1871 у Варшаве, прадаўжаў маст. адукацыю ў школе Герсана. У 1883—86 працаваў у Парыжы. У жывапісных і графічных работах адлюстроўваў жыццё і побыт бел. і літ. народаў, іх гіст. мінулае (графічныя творы «Смерць Кейстута», «Сутычка літвінаў з крыжаносцамі», «Хрышчэнне язычнікаў», «Смерць Людвіка Нарбута каля Дубічаў», «Залёты шаўца»). Напісаў партрэт Ф.Багушэвіча. Ілюстрацыі да кніг А.Міцкевіча, Ю.Славацкага, А.Мальчэўскага, Ю.Крашэўскага, У.Сыракомлі, Э.Ажэшкі, У.Шэкспіра, Дж.Ф.Купера, зробленыя пад уплывам рамантызму, вызначаюцца тэхн. лёгкасцю, багаццем фантазіі.
Літ.:
История русского искусства. Т. 9, кн. 2. М., 1965;
Andriolli — świadek swoich czasów: Listy i wspomnienia. Wrocław etc., 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІРО́ВІЧ (сапр.Дунаеў) Еўсцігней Афінагенавіч
(10.8.1878, С.-Пецярбург — 16.2.1952),
бел. драматург, рэжысёр, педагог, адзін са стваральнікаў бел.т-ра. Нар.арт. Беларусі (1940). Праф. (1945). Скончыў школу малявання пры Акадэміі мастацтваў і курсы Пецярбургскага гуртка аматараў драм. мастацтва імя Волкава. Прафесійную сцэн. дзейнасць пачаў у 1900 у Пецярбургу як акцёр і рэжысёр. З 1919 працаваў на Беларусі. Акцёр і рэжысёр Мінскага гарнізоннага т-ра (1919), Т-рарэв. сатыры («Тэрэўсат», 1921), рус.т-ра «Шануар» (1922). Маст. кіраўнік Бел.т-ра імя Я.Купалы (1921—31, у 1941—45 рэж.), Гомельскага ТРАМа (з 1932), Гомельскага калгасна-саўгаснага (з 1935) і Бел. юнага гледача (1937—40) т-раў, Рэсп.тэатр. вучылішча (1938—41). З 1945 маст. кіраўнік і заг. кафедры майстэрства акцёра Бел.тэатр. ін-та. З 1904 выступаў як драматург. Першыя п’есы «Алекуны» (нап. 1904), «Гнілыя ўстоі» (нап. 1905), «Сучасны вампір» («Жах часу») і «Ноч мільянера» (абедзве нап. 1906, забаронены царскай цэнзурай). З дакастр. п’ес і сатыр. сцэнічных мініяцюр папулярнасцю карысталіся «Графіня Эльвіра», «Тэатр купца Япішкіна» (паст.Бел. тэлебачаннем 1978, Т-рам-студыяй кінаакцёра 1993), «Вова прыстасаваўся», «Крутавертаў і сын». Некаторыя персанажы гэтых п’ес сталі назыўнымі. У п’есах «Машэка» (першая п’еса на бел. мове, пач. назва «У часы даўнейшыя», паст. 1923) і «Каваль-ваявода» (паст. 1925) шырока выкарыстаў фалькл. сюжэты, традыцыі бел.нар. драмы. Драм. творы М. вызначаліся жанрава-тэматычнай шырынёй, сцэнічнасцю, глыбінёй пранікнення ў псіхалогію герояў. Укладам у развіццё сатыр. жанраў бел. л-ры з’явілася яго камедыя «Кар’ера таварыша Брызгаліна» (паст. 1925). П’еса «Кастусь Каліноўскі» (паст. 1923, экранізавана 1928) — першая спроба стварэння гіст. драмы на Беларусі. У драме «Перамога» (паст. 1926) упершыню ў сав. драматургіі выкарыстаў «кінематаграфічныя» кампазіцыйныя элементы. Паслядоўнік вучэння К.Станіслаўскага, рэжысёр высокай тэатр. культуры, М. узбагаціў бел. сцэну лепшымі традыцыямі сусв. і рус.рэаліст. мастацтва. Гал. прынцып рэжысуры — творча асэнсаваная і ўвасобленая на сцэне жыццёвая праўда, дакладная распрацоўка псіхалогіі характараў, стварэнне сцэн. твора ў суладдзі з аўтарскай канцэпцыяй, логікай паводзін персанажаў, ансамблевасць выканання. Шырока апіраўся на нар. традыцыі, выкарыстоўваючы элементы фальклору і этнаграфіі як вобразны кампанент спектакля, сродак вобразнага ўздзеяння на гледача. Шмат увагі аддаваў распрацоўцы нар. масавых сцэн. Зрабіў вял. ўплыў на фарміраванне бел.нац. акцёрскай школы і рэжысуры. Сярод пастановак: «На Купалле» М.Чарота (1921), «Пасланец» Л.Родзевіча, «Вучань д’ябла» Б.Шоу (абодва 1922), «Мешчанін у дваранах» Мальера (1924), «Змрок» В.Шашалевіча, «Мяцеж» Дз.Фурманава і С.Паліванава (абодва 1927), «Гута» Р.Кобеца (1930), «Гадзіншчык і курыца» І.Качаргі (1935), «Даходнае месца» А.Астроўскага (1936), «Цудоўная дудка» В.Вольскага (1939) і інш. Пра М. зняты дакумент. фільм «Праз усё жыццё» (1978). У 1998 у Нац. т-ры імя Я.Купалы пастаўлена п’еса «Інтымны тэатр Еўсцігнея Міровіча» паводле твораў М., створаных для «Інтымнага тэатра», якім ён кіраваў у Пецярбургу.